Адэса ваеннага часу: як мясцовыя жыхары з'ядналіся для абароны горада

Пётр Канапля, валанцёр з Адэсы, на беразе Чорнага мора / NewsMaker
Пётр Канапля, валанцёр з Адэсы, на беразе Чорнага мора / NewsMaker

З першага дня вайны Расіі супраць Украіны жыхары Адэсы згуртаваліся для дапамогі ўкраінскаму войску і тэрытарыяльнай абароне. За мінулыя 20 дзён у горадзе з'явілася некалькі валанцёрскіх цэнтраў і сотні грамадзянскіх ініцыятыў. Пра тое, як звычайныя гараджане — юрысты, акторы, стаматолагі — дапамагаюць рыхтаваць Адэсу да магчымай атакі, эвакуююць уцекачоў, збіраюць гуманітарную дапамогу і ўмацоўваюць блокпасты, — у вялікім рэпартажы, які пісаўся з пачатку вайны Віталём Шмакавым спецыяльна для NewsMaker.

25 лютага, другі дзень вайны. Адэсу імкліва пакідаюць людзі. Усё яшчэ адкрытыя вакзалы перапоўненыя. Перапоўненымі адначасова ўжо аказваюцца і адэскія падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны. Ахвотных дапамагаць абароне горада тут жа запісваюць у рэзерв. Але многія адэсіты працягваюць шукаць спосаб дапамагчы вайскоўцам і паліцыі проста цяпер.

Одесса военного времени: как местные жители сплотились для обороны города
Адэскі чыгуначны вакзал у пачатку вайны / NewsMaker

Ад мірнай працы — да пошуку "дыверсантаў"

У горадзе імкліва ўзнікаюць валанцёрскія цэнтры. На іх базе фармуюцца аб'яднанні добраахвотнікаў, якія дапамагаюць паліцыі патруляваць вуліцы Адэсы. Сярод іх — і 27-гадовы татуіроўшчык Мацвей.

Ён расказвае, што не змог запісацца ў атрад тэрабароны і таму стаў добраахвотнікам. Цяпер, з перапынкамі на сваю звычайную працу, Мацвей дапамагае праваахоўнікам затрымліваць "дыверсантаў".

"З пачатку вайны мы правялі як мінімум пяць грамадзянскіх затрыманняў. І гэта толькі тыя, у якіх я ўдзельнічаў", — дзеліцца Мацвей.

Ён успамінае, як на яго знаёмага напалі з нажом проста на вуліцы. Затрымліваць агрэсара давялося праваахоўнікам разам з валанцёрамі.

"Дзіўных" людзей, якія нешта выглядваюць, адзначае Мацвей, на вуліцах Адэсы становіцца ўсё больш. У горадзе да іх ставяцца з падазрэннем. Вось расказ Мацвея.

Але на перадавой могуць працаваць не ўсе. Многія адэсіты ў гэтыя дні заняліся забеспячэннем і дапамагаюць прывозіць і даставаць прадукты і лекі для абаронцаў горада. Сотні адэсітаў ахвяруюць войску грошы, купляюць рэчы першай неабходнасці, прадукты і лекі.

Станіслаў і Таццяна не былі знаёмыя да вайны. Але цяпер яны разам дапамагаюць добраахвотнікам тэрытарыяльнай абароны. І рэгулярна прыносяць прадукты і лекі ў валанцёрскія цэнтры, якія працягваюць з'яўляцца ў Адэсе з самага пачатку вайны.

З моднага рэстарана ў гуманітарны цэнтр

Валанцёрскія цэнтры ў Адэсе размяшчаюцца дзе давядзецца. Адзін з іх адкрылі проста ў памяшканні моднага рэстарана Odesa Food Market. У мірны час тут прадавалі бургеры, фалафель і сушы, праводзілі канцэрты класічнай музыкі і вечарынкі. Цяпер тут прымаюць гуманітарную дапамогу і лекі для абаронцаў горада. І хаваюцца ў мясцовым падвале ў часе паветранай трывогі.

Заснавальніца "Гуманітарнага валанцёрскага цэнтра" Ганна кажа, што ўсё пачалося з сяброўскага чата:

"Мы з маімі сяброўкамі проста арганізавалі чат, каб дапамагаць адна адной у часе гэтых ваенны падзей. А потым праз тое, што вялікая колькасць нашых сяброў хацела далучыцца, усё гэта перарасло ў вялікі гуманітарны валанцёрскі цэнтр у Адэскай вобласці".

У цэнтры штодня атрымліваюць і сартуюць гуманітарную дапамогу больш за 100 валанцёраў. Як тлумачыць Ганна, цэнтр стаў пасярэднікам паміж рознымі абаронцамі горада — тэрытарыяльнай абаронай, войскамі, паліцыяй — і тымі, хто хоча дапамагчы. А такіх людзей — шмат заўсёды.

"Мы збіраем запыты ад тых, хто ў чымсьці мае патрэбу, і тых, хто ўсё гэта можа даць. Збіраем, сартуем, складаем, вядзём сістэму ўліку і ўжо развозім далей", — кажа Ганна. Часцей за ўсё патрэбныя — медыкаменты, вада, сухія пайкі, элементарнае адзенне (шкарпэткі, сподняя бялізна).

Працу перарываюць толькі паветраныя трывогі. Пакуль гучаць сірэны, усе спускаюцца ў бамбасховішча.

З суседзяў — у пастаяльцаў бамбасховішча

Ужо ў першыя дні вайны над Адэсай праносіліся гукі выбухаў. Сам горад пакуль не зазнае адкрытай атакі. Але гараджане вырашаюць не рызыкаваць. І, не чакаючы дапамогі ад камунальнікаў, самі ўладкоўваюць бамбасховішчы ў падвалах сваіх дамоў на выпадак паветранай атакі.

Жыхары горада Аляксандр і Валянціна кажуць, што ў выпадку атакі галоўнае не панікаваць. Разам з жыхарамі суседніх дамоў Аляксандр абсталёўвае бункер у падвале дома.

Валянціна расказвае, што мясцовыя сюды прыносяць ежу, ваду, коўдры, маты. У бункеры, які захаваўся з часоў Другой сусветнай вайны, павінен змясціцца "ўвесь двор". Юрыдычна бункер цяпер належыць уласніку рэстарана паблізу. Але той вырашыў адчыніць яго дзверы ўсім суседзям.

Хтосьці зносіць у бункер ужо і асабістыя рэчы. Гараджане гатовыя нават да адключэння святла: у падвале назапашаныя і свечкі.

Ад барацьбы з будоўлямі — да дастаўкі бронекамізэлек

Многія грамадскія арганізацыі таксама падладжваюцца пад новыя рэаліі. Да пачатку ўварвання Расіі ва Украіну валанцёры арганізацыі "Спільна Мета" змагаліся ў Адэсе з незаконным будаўніцтвам. Цяпер арганізацыя каардынуе большасць валанцёрскіх груп Адэсы, і нават па-за Украінай.

Юрыст "Спільна Мета" Барыс Бабій расказвае, што з пачатку вайны іх валанцёры працуюць у Румыніі, Малдове і Турцыі. Там яны атрымліваюць гуманітарную дапамогу і перапраўляюць яе ў Адэсу:

"Мы атрымліваем гуманітарную дапамогу і з Малдовы. Гэта ў асноўным медыкаменты і рэчы першай неабходнасці для нашых вайскоўцаў".

Паводле яго слоў, атрады тэрытарыяльнай абароны Адэсы да гэтага часу маюць патрэбу ў тактычных касках і бронекамізэльках. Валанцёры спрабавалі дамовіцца пра дастаўку рыштунку з Румыніі, але ўсе падрадчыкі цяпер занятыя выкананнем стратэгічных заказаў для вайскоўцаў у Кіеве. Валанцёры не здаюцца і працягваюць шукаць абмундзіраванне для абароны Адэсы.

Замест пляжаў — будаўніцтва барыкад

Перамены закранулі нават знакамітыя адэскія пляжы. Тут больш не чакаюць турыстаў. Сотні адэсітаў звозяць сюды мяшкі з пяском, якімі потым будуць умацоўваць барыкады на выездах з Адэсы, на гарадскіх вуліцах і ля важных гарадскіх аб'ектаў.

"Мы аказваем дапамогу, якая ў нашых сілах", — кажуць валанцёры, сярод якіх ёсць выхадцы з розных краін.

Валанцёрка Люда расказвае, што "ўсе сышліся выпадкова":

"Мы ніхто ні з кім раней не быў знаёмы, мы выпадкова сышліся ў гэтым месцы, каб даставаць пясок з мора і выкарыстоўваць гэты бясплатны рэсурс для абароны стратэгічных пунктаў: лякарняў, школ, радзільняў, шпіталяў".

Яе калега па каардынацыі дапамогі, Марына, кажа, што часам ім даводзіцца самім вылічаць, дзе менавіта цяпер дапамога больш патрэбная і куды ў першую чаргу трэба везці мяшкі для ўмацавання. Горад гатовы ўставаць на барыкады.

Ад стаматалогіі і тэатра — да вырабу супрацьтанкавых вожыкаў

Рыхтуюць адэсіты і больш сур'ёзную абарону. Многія заняліся вырабам і перавозкай процітанкавых вожыкаў, якімі ўмацоўваюць блокпасты. Каардынаваннем большай часткі гэтай працы займаецца Пётр Канапля. Пецю — 27 гадоў, ён — актор і тэатральны рэжысёр.

Калі пачалася вайна, Пётр адразу вырашыў, што будзе дапамагаць вайскоўцам ва ўмацаванні абароны Адэсы. На блокпастах яго пазнаюць па нацыянальным сцягу Украіны, які плашчом развіваецца на яго спіне.

"Тысячы людзей адгукаюцца. Хтосьці збірае пясок для барыкад, хтосьці пляце маскіровачныя сеткі, іншыя вараць супрацьтанкавыя вожыкі. Нікога не трэба прасіць, прымушаць, людзі вельмі матываваныя", — кажа Пётр.

Без усялякіх папярэдніх дамоўленасцяў, упершыню прыйшоўшы на валанцёрскі злёт, ён сустрэў там калег з тэатра. І яны нанова даведаліся адно аднаго.

Штодня Пеця дастаўляе на блокпасты, размешчаныя за межамі горада, тоны пяску, тысячы калючак і дзясяткі супрацьтанкавых вожыкаў. Зваркай супрацьтанкавых вожыкаў, якія потым развозіць па вобласці Пётр, займаюцца і інжынеры, і стаматолагі.

Бізнес на валанцёрскіх падставах

Па-свойму ў абароне горада заняты і адэскі бізнес. Кожная раніца ў мясцовым рэстаране Boom пачынаецца з гімна Украіны. Гэта адзін з многіх рэстаранаў і кавярняў Адэсы, дзе з пачатку вайны рыхтуюць гарачую ежу для вайскоўцаў і ўцекачоў з усёй Украіны.

У рэстаране працуюць дваццаць чалавек. Яны складаюць спісы прадуктаў, гатуюць ежу, а потым развозяць яе на блокпасты і ў цэнтры для ўцекачоў.

Кухар Максім расказвае, што, пачынаючы з самай раніцы, неабыякавыя адэсіты прывозяць да рэстарана прадукты: "Учора, напрыклад, нам прывезлі 200 кілаграмаў мяса. Кожны дапамагае, як можа".

Арцём каардынуе працу валанцёраў у рэстаране. Ён дзеліцца, што ўжо сёння прадпрыемства забяспечвае двухразовымі гарачымі абедамі больш за 500 вайскоўцаў:

"Мы кормім усе блокпасты ў Адэсе. Мы лічым, што, калі яны будуць сытыя, мы будзем спакойныя".

"Дарога да дома" становіцца дарогай у Малдову

У горадзе, дый у краіне, вырашаюць застацца не ўсе. Плынь уцекачоў не змяншаецца. Валанцёры пастаянна забяспечваюць гарачай ежай не толькі блокпасты, але і крызісныя цэнтры для ўцекачоў. У Адэсе адзін з іх працуе на базе грамадскага фонду "Дарога да дома". Да вайны тут дапамагалі бяздомным людзям і беспрытульнікам Адэсы.

Цяпер крызісны цэнтр штодня прымае каля дваццаці ўцекачоў з усёй Украіны. Сюды прыязджаюць з самых гарачых кропак, дзе проста цяпер ідуць баі і абстрэлы: Харкава, Марыупаля, Мікалаева і Кіева. Ужо адсюль іх эвакуююць да мяжы з Малдовай.

Марыя даведалася пра цэнтр "Дарога да дома", калі эвакуявалася са сваім сынам з Харкава:

"Апошні тыдзень мы жылі ў бамбасховішчы, да апошняга не думалі, што пакінем Харкаў. Але наш дом быў разбураны пры абстрэле. Учора мы прыехалі ў крызісны цэнтр, а заўтра нам дапамогуць даехаць да мяжы з Малдовай".

Дырэктар цэнтра "Дарога да дома" Сяргей Косцін кажа, што пасля размяшчэння ў крызісным цэнтры ўцекачы часцей за ўсё не ведаюць, куды ехаць далей.

"Нам цяпер не зусім ясна, як дзейнічаць далей. Гэтыя людзі зусім не ведаюць, як ім быць. Мы дастаўляем іх да мяжы, яны перасякаюць яе. Але калі там яны не знаходзяць валанцёраў, то знаходзяцца ў поўнай разгубленасці".

У самой Адэсе колькасць валанцёраў не меншае. Горад рыхтуецца да вайны на сваёй тэрыторыі.


Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі