Вы тут

Абвешчаны прысуд палітвязням з Навагрудка — да сямі гадоў калоніі

Дзяніс Кірэшчанка і Уладзімір Гарох / TUT.BY

Сем гадоў калоніі прысудзіў суд Навагрудскага раёна Уладзіміру Гароху. Яшчэ адзін удзельнік працэсу Дзяніс Кірэшчанка атрымаў паўтара года калоніі. Праваабаронцы яшчэ да суда прызналі Гароха і Кірэшчанку палітвязнямі.

Гароха прызналі вінаватым па двух артыкулах — ч. 1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 1 арт. 368 (Публічная абраза прэзідэнта). Яго затрымалі 18 жніўня, нагадваюць праваабаронцы.

Паводле версіі абвінавачвання, гэтым летам Уладзімір Гарох наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Наваградку і спрабаваў уцягнуць у масавыя акцыі вялікую колькасць людзей, праводзіў сустрэчы з людзьмі ў Наваградку і Карэлічах. Паводле звестак следства, на гэтых сустрэчах ён казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак, як прагучала на судзе, яго змаглі спыніць праваахоўнікі.

Што тычыцца абразы Лукашэнкі, то гаворка ідзе аб пасце, які Уладзімір Гарох апублікаваў у чаце "Навагрудак для жыцця" 14 жніўня. Абвінавачанне палічыла, што гэта "непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні...якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А. Лукашэнкі".

Дзяніса Кірэшчанку затрымалі напярэдадні выбараў і абвінавацілі ў навучанні масавым беспарадкам. Паводле версіі абвінавачвання, пятага жніўня ў Карэлічах на сустрэчы з людзьмі ён казаў пра магчымасць выкарыстоўваць у якасці зброі тэлескапічныя дубінкі, а таксама паказваў, як з імі абыходзіцца.

І Гарох, і Кірэшчанка сваёй віны не прызналі.

Па стане на 30 снежня палітвязнямі ў Беларусі былі прызнаныя 169 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.