Абвешчаную ім на 8 верасня акцыю Статкевіч, верагодна, правядзе на Акрэсціна

Абвешчаную ім на 8 верасня акцыю Статкевіч, верагодна, правядзе на Акрэсціна

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча затрымліваюць 26 жніўня і адразу адвозяць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Як высвятляецца — на 5 сутак паводле рашэння суда Маскоўскага раёна Мінска. Але за што канкрэтна палітыку прысудзілі тыя 5 сутак, яго жонка Марына Адамовіч даведваецца толькі 28 жніўня.

Марына Адамовіч: “Я атрымала копію пастановы суда ад 15 траўня — акцэнтую ўвагу на даце. Высвятляецца, што яго асудзілі на 5 сутак за сход, які быў праведзены на Акрэсціна 30 сакавіка. А сход той быў “у выглядзе публічнай дэманстрацыі цягам 1 хвіліны бел-чырвона-белага сцяга”.

Тое, што Статкевіча адправілі на суткі па рашэнні суда, які быў больш за 3 месяцы таму, абурае Марыну Адамовіч. А ў адпаведнасці з заканадаўствам, па яе словах, на выкананне судовых рашэнняў даецца тры месяцы. Зараз жонка палітыка збіраецца пракансультавацца з юрыстамі і праваабаронцамі на тэму абскарджання дзеянняў праваахоўнікаў.

Марына Адамовіч: “Я нездарма акцэнтавала вашу ўвагу на тэрмінах, бо на выкананне судовых рашэнняў даецца тры месяцы. Нават з улікам часу набыцця “законнай сілы” ўсіх гэтых пастаноў”.

Сапраўды, пэўныя абмежаванні па часе выканання рашэння суда па адміністрацыйным правапарушэнні ёсць, пагаджаецца юрыст Тамара Сідарэнка. Іншая рэч, як у нас трактуюць артыкулы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Сідарэнка: “Раней так і было: суд прыняў рашэнне, і цягам вызначанага тэрміну яго павінныя выканаць. Не выканалі — тэрмін “дзеяння” скончыўся. Але некалькі гадоў таму практыка змянілася. Была гісторыя, калі па крымінальным артыкуле актывіст адсядзеў паўтара года, а калі ён выходзіў на волю, “нечакана” прыгадалі, што ён не адбыў 10 ці 15 сутак, якія атрымаў два гады таму. Хлопца пасадзілі на суткі, і тады пайшлі тлумачэнні, што, маўляў, усё пытанне ў тым, з якога моманту тыя два ці тры месяцы на выкананне рашэння суду адлічваюцца. Нібыта гэтыя месяцы павінныя адлічвацца з таго моманту, як суд прыступіў да выканання пакарання. А так яно і атрымліваецца: пакуль у суд не прыйшлі паперы, што трэба выконваць рашэнне хай сабе і таго ж самага суда, то не лічыцца, што тэрмін выкання судовага рашэння ідзе. Тое ж маем і ў выпадку са Статкевічам: пастанова суда ад 15 траўня недзе ляжала, і раптам яе каму трэба даслалі і пачалі выконваць. А з моманту, як рашэнне для выканання накіравалі, і пачалі лічыць гэтыя месяцы”.

Атрымліваецца, што выкананне рашэння суда можна “выпадкова прытармазіць” да моманту, калі будзе больш “зручны” момант ізаляваць на Акрэсціна канкрэтнага чалавека. На думку жонкі палітыка, затрыманне Статкевіча звязанае з яго планамі правесці 8 верасня акцыю супраць сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў. Акцыя планавалася на Кастрычніцкай плошчы.

“Мы ж ведаем, што Міколу прысудзілі 15 сутак за шэсце 3 ліпеня. Не выключаю, што суткі сплюсуюць, і за кратамі ён правядзе агулам 20 сутак”, — кажа Марына Адамовіч.

А ў такім выпадку правесці запланаваную на 8 верасня акцыю палітык не зможа.

Марына Адамовіч упэўненая, сітуацыя, калі “не выкананае пакаранне” па адміністрацыйным правапарушэнні, можа вісець над чалавекам фактычна ўсё жыццё і выканаць яго могуць у любы момант, непрымальная. Кажа, збіраецца пракансультавацца з юрыстамі і праваабаронцамі, каб абскардзіць дзеянні праваахоўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі