Абітурыентка акадэміі МУС: “Мая маці глядзіць НТВ, таму я іду ў міліцыю”

Ля Акадэміі МУС натоўп бацькоў і абітурыентаў: 11 ліпеня — перадапошні дзень падачы дакументаў у гэтую навучальную ўстанову. Абітурыенты і бацькі разам вывучаюць стэнд з баламі.

“Вось  глядзі, тут падало 45 чалавек, а план набору — 90. Вельмі неблагія шанцы паступіць! А ў Стасіка? У Стасіка на факультэце 60 — план набору, а падало дакументы толькі 25! От Ста-а-асік”, — чую ад бацькі аднаго з абітурыентаў. 

“Кажуць, 40% заваліла ў гэтым годзе матэматыку!” — пакуль абітурыенты падаюць дакументы, бацькі чакаюць на дварэ. Хто абмяркоўвае вынікі тэставання, хто тэлефануе і характэрна вітаюцца “Здра-жела-таварыш-паўкоўнік”.

Ля Акадэміі шмат дзяўчат. Аліна прыехала з бацькамі з Барысава.

“З дзяцінства мару аб гэтай прафесіі, бачу сябе толькі ў міліцыі. Хачу здзейсніць мару бацькі — стаць міліцыянерам”, — заяўляе Аліна. Дзяўчына набрала за экзамены каля 200 балаў. На яе думку, міліцыянер павінен быць сумленным і разумным.

Гэтае слова — “сумленны” — кажуць усе без выключэння выпускнікі. У адрозненне ад мінулагодніх абітурыентаў, ніводзін не кажа, што служба ў міліцыі — добры спосаб вырашыць жыллёвае пытанне.

Глеб з Магілёва набраў 300 балаў, займаўся без рэпетытара.  То бок у сярэднім па прадмеце ў яго 75 балаў! Хлопец ідзе ў міліцыю.

“Дзіўнае пытанне, чаму ў міліцыю. Брат вайсковец”, —  і на думку Глеба, міліцыянер павінен быць сумленным.

Абітурыентка Анастасія прыйшла падаваць дакументы разам з маці-юрыстам. Будучы міліцыянер здала матэматыку на 17 балаў, мову — на 40 і грамадазнаўства — на 76 балаў. Агулам мае 213 балаў. Ідзе ў міліцыю праз маці.

“Мая маці часта глядзіць НТВ, і таму я іду ў міліцыю, — нечакана выдае Насця прыхільнасць маці да “мянтоўскіх” серыялаў. Насця кажа, што міліцыянер павінен мець сваё меркаванне па любых пытаннях. — Калі начальнік будзе нешта казаць, а ў падначаленага будуць нейкія свае думкі, ён не павінен стаяць і ківаць”.

 Анастасія літаральна ў асобах паказвае “начальніка” і яго “падначаленага” — чаму не ідзе ў артысткі?

Віталь  са Смалявіцкага раёна набраў 173 балы, матэматыку здаў на 18 балаў, беларускую мову ведае на 35, па грамадазнаўстве — 36 балаў. Віталь лічыць, што міліцыянер павінен дапамагаць людзям.

Віталь: Парадак трэба наводзіць паўсюль.

Еўрарадыё: Дык каб паўсюль быў парадак, трэба ў дворнікі ісці?

Віталь: Ну, каб у краіне быў парадак.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што ў нас недзе непарадак?

Віталь: Каб яшчэ большы быў парадак у краіне! Каб сачыць за выкананнем законаў.

Жадаем Віталю поспехаў і парадку і сустракаем 16-гадовую Ілону. Разам з маці і 246 баламі атэстата прыехала  з Гродна. Кажа, што падкачала матэматыка — толькі 23 балы. Затое па беларускай мове — 66. Хоча ў міліцыю, бо гэта “прэстыжна” і каб ведаць свае правы і… умець іх абараняць.  Ці абараняе яна іх цяпер?

“Канечне! Да прыкладу, кантралёры ў транспарце могуць толькі высаджваць нас, а не штрафаваць за безбілетны праезд, бо мне толькі 16 гадоў”, — тлумачыць Ілона.

Па выніках мінулага года мінімум, які патрэбна было набраць для паступлення ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, — 110 балаў за чатыры экзамены — тры цэнтралізаваныя тэставанні плюс сярэдні бал атэстата. У сярэднім 27,5 за кожны экзамен на факультэт міліцыі, на спецыяльнасць “Правазнаўства” (спецыялізацыя “Адміністрацыйна-прававая дзейнасць”). А найвышэйшы бал — 172 (у сярэднім 43 балы за экзамен) патрэбна было набраць на гэты ж факультэт на спецыялізацыю  “Аператыўна-пошукавая дзейнасць”. Найвышэйшы бал быў сярод дзяўчат — 285 балаў на спецыяльнасць “Судовая экспертыза”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі