73-гадовая пратэстоўца: "Я хачу, каб вы, моладзь, у гэтым не жылі"

Людміла, Галіна і Святлана — удзельніцы Маршу мудрасці / Еўрарадыё
Людміла, Галіна і Святлана — удзельніцы Маршу мудрасці / Еўрарадыё

73-гадовую Святлану Дзмітрыеўну мы сустракаем у панядзелак, 19 кастрычніка, на Маршы пенсіянераў, які трэці раз прайшоў у Мінску. Жанчына махае БЧБ-сцягам, скандуе "Пошёл вон ты и твой ОМОН!" і жартуе ў кампаніі дзвюх сябровак: Людмілы і Галіны.

"Ёсць у філасофіі такое паняцце: "Грошы не так аб'ядноўваюць людзей, як ідэя", — расказвае Святлана Дзмітрыеўна. — Мы ж адна адну не ведалі да выбараў. Але цяпер гатовыя пайсці адна з адной у разведку!"

За непрацяглае сяброўства, якое пачалося разам з пратэстамі ў Беларусі, жанчыны ўжо паспелі прайсці праз агонь, ваду і брутальныя затрыманні "ціхароў".

11 верасня, напрыклад, Святлана, Людміла і Галіна сталі гераінямі відэа, знятага ўвечары ў Мінску. Жанчыны адбівалі ў сілавікоў пратэстоўцаў, якія спрабавалі схавацца ў Чырвоным касцёле. Аб спіну аднаго з мужчын у цывільным і ў масцы Людміла зламала сваю палачку.

"Вой, які ён быў злы за тое, што ад бабулькі атрымаў па хрыбце. Яе, натуральна, забралі. Але, праўда, вечарам таго ж дня адпусцілі. Але потым запрасілі ў суд: на 270 рублёў яе аштрафавалі... Вядома, мы скінемся. Тым больш яна напісала заяву, каб з пенсіі аплаціць за паўгода", — расказвае пра баявую сяброўку Святлана.

Сама Святлана Дзмітрыеўна за ўдзел у пратэстах сезона лета — восень 2020 яшчэ не прыцягвалася. Але прызнаецца, што ў яе багаты пратэставы досвед: напрыклад, жанчыну затрымалі ў 2011 годзе на "маўклівых акцыях". Тады яна сем дзён потым праляжала ў бальніцы пад кропельніцай: "Яны [сілавікі. — Еўрарадыё] ўмеюць біць: локцем у сардэчную мышцу. Сіняк застаецца маленькі, а сэрца баліць моцна. А я яшчэ і гіпертонік".

Святлана Дзмітрыеўна — пенсіянерка з 2002 года. Да гэтага жанчына, хімік-біёлаг па спецыяльнасці, працавала навуковым супрацоўнікам у БДУ. Хадзіць на акцыі пратэсту пачала 20 гадоў таму.

“На мяне моцна паўплывала знікненне апанентаў Лукашэнкі: Захаранкі, Завадскага, Ганчара, Красоўскага. Мы, чалавек 30-50, заўсёды стаялі на Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі — было мала людзей, народ быў апалітычны.

Памятаю, у адзін час на пікет прыйшла мама Завадскага. Да яе падбягае амапавец, велізарны — метры два. Выхоплівае ў яе партрэт Дзімы і рве на дробныя кавалачкі. Яна заплакала і кажа яму: "Не дай бог твая маці не будзе ведаць, дзе знаходзіцца твая магіла!"

Гэта менавіта той час, калі АМАП пачаў раскладацца: караля робіць світа", — успамінае Святлана Дзмітрыеўна.

73-летняя протестующая: “Я хочу, чтобы вы, молодёжь, в этом не жили”

Жанчына прызнаецца, што ў 1994 годзе, на першых выбарах у Беларусі, галасавала ў першым туры за Шушкевіча.

"На выбарах я, вядома, не галасавала за Лукашэнку, таму што лічыла яго недастаткова адукаваным чалавекам. Галасавала за Шушкевіча! Ён інтэлігентны, мы працавалі ў галоўным корпусе [БДУ. — Еўрарадыё]. Фізік-ядзершчык — вельмі адукаваны".

Другі тур, куды выйшлі Лукашэнка і Кебіч, яны з мужам прынцыпова байкатавалі.

"У мяне муж — фізік, адукаваны, сын удзельнікаў мінскага падполля. Мы з такіх сем'яў, што не можам дазволіць сябе так прынізіць. Не, не хадзілі. Шушкевічу і Пазняку трэба было аб'ядноўвацца... Эх, недасведчаныя былі".

Паходы Святланы на пратэсты падтрымліваюць усе родныя. Праўда, некаторыя з блізкіх знаходзяцца за мяжой — не па палітычных прычынах.

"Дачка ў Чыкага: выйграла грынкарту, а ўнук, 22 гады, у Лос-Анджэлесе працуе ў "Амазоне" айцішнікам. Яны там таксама займаюцца грамадскай дзейнасцю: дапамагаюць збіраць грошы для нашых [пацярпелых падчас рэпрэсій у Беларусі. — Еўрарадыё]".

У канцы нашай размовы пенсіянерка тлумачыць, чаму сёлета выходзіць і будзе працягваць выходзіць на акцыі.

"Я хачу, каб вы, моладзь, у гэтым не жылі! Таму што Паўночная Карэя нам ужо рэальна свеціць!" — рэзюмуе жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі