Вы тут

64-ты дзень пратэстаў у фота: годнасць vs вадамёты і гранаты

Пачатак Маршу годнасці на Стэле 11 кастрычніка 2020 года  / Еўрарадыё

Марш годнасці 11 кастрычніка ў Мінску пачаўся і суправаджаўся брутальнымі затрыманнямі і ўжываннем сілавікамі супраць дэманстрантаў дубінак, стрэльбаў (імі білі ў твар), светлашумавых гранат і вадамётаў. Усё гэта здарылася пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка схадзіў у СІЗА КДБ нібыта з прапановай дыялогу палітвязням наконт Канстытуцыйнай рэмормы. Еўрарадыё і многія эксперты мяркуюць, што насамрэч Лукашэнка ўгаворваў Віктара Бабарыку і іншых апанентаў рэжыму, якія знаходзяцца ў зняволенні, закликаць беларусаў згарнуць пратэсты у абмен на волю і дыялог. Але беларусы не паверылі ў шчырасць Лукашэнкі, а ўспрынялі візіт як абразу.

Невядомых у чорным, аказваецца, пачалі называць "парэчкамі". Гэта яны такія адважныя сабраліся змагацца з бяззбройнымі людзьмі са сцягамі / Еўрарадыё

У выніку чым запомніцца сённяшні дзень? Па-першае, затрыманнем 35-ці журналістаў, якія прыйшлі на акцыі па ўсёй Беларусі рабіць сваю працу. Некаторыя з іх дагэтуль знаходзіцца ў РУУСах. Пры чым прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава падкрэслівае, што журналісты не былі затрыманыя. Міліцыя проста правярае іх пасведчанні. Больш за 5 гадзін! Але чамусьці МУС забываецца, што фотаапараты і мабільныя тэлефоны ёсць не толькі ў журналістаў. І пра брутальныя дзеянні беларускіх сілавікоў усё адно даведаецца ўвесь свет. 

Па-другое, нягледзячы на кепскае надвор'е і бязлітасныя дзеянні сілавікоў — яны жорстка збівалі людзей, кідалі ў іх светлашумавыя гранаты, палівалі рудой вадой з вадамётаў, нават, кажуць, стралялі як мінімум пейтбольнымі шарыкамі, — людзі не разбегліся. А сабраліся ў некалькі гіганскіх калон і рушылі па горадзе. І людзей было мора. 

Паляванне на пратэстоўцаў у раёне Стэлы

Па-трэцяе, пакуль сілавікі лютавалі, беларусы масава адкрывалі пад'езды дамоў у раёне Пушкінскай, дзверы кавярняў і хостэлаў, каб схаваць тых, каму пагражае небяспека. Чаму сілавікі зноў прыйшлі да тактыкі, якую прымянялі ў самыя страшныя ў гісторыі сучаснай Беларусі дні — 9-11 жніўня 2020 года?

Палітолаг Валерый Карбалевіч звязвае гэта акурат з візітам Лукашэнкі ў СІЗА КДБ:

"Справа ў тым, што гэты візіт быў ацэнены незалежнымі медыямі і экспертамі як праява слабасці, як параза. Маўляў, пад ціскам масавых пратэстаў быў вымушаны пайсці на саступкі народу. Тут справа не толькі ў тым, што Лукашэнка панічна баіцца выглядзець слабым. Гэта разбурае ягоны вобраз крутога мужыка. Насамрэч візіт ў турму стаў дрэнным сігналам для ягоных прыхільнікаў, наменклятуры. Маўляў, “бацька” садзьмуўся. Каб нейтралізаваць такое ўражанне, кампенсаваць учорашнюю саступку, сёння Лукашэнка спрабуе дэманстраваць сілу адзіным зразумелым яму спосабам: лютай жорсткасцю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.