63 рублі за 10 кіламетраў — акцыя для прыцягнення ўвагі да праблемаў таксістаў?

63 рублі за 10 кіламетраў — акцыя для прыцягнення ўвагі да праблемаў таксістаў?

Вядомая піяршчыца Аляксандра Рогач распавяла на сваёй старонцы ў Facebook, як заплаціла таксісту 63 рублі за 10 кіламетраў дарогі. Таксіст-прадпрымальнік Аляксандр Стахоўскі ўсталяваў тры віды тарыфаў для пасажыраў. Самы танны — для інвалідаў і ветэранаў вайны (55 капеек за кіламетр), самы дарагі — тарыф выхаднога дня (5,5 рубля за кіламетр).

“Выходжу з ГЦ, знаходжу стаянку таксі, пытаюся: колькі будзе каштаваць даехаць да Варанянскага? Таксіст адказвае: па лічыльніку, — апісвае гісторыю Аляксандра. — Гляджу тарыф: 2 рублі пасадка, за 1 кіламетр 0.55 рубля. Ок! Усаджваю няню і дзіця, спакойна сыходжу назад у ГЦ. А праз 20 хвілін смс ад няні: паездка абышлася ў 63 рублі, ёсць чэк. Вяртаюся на стаянку. Аказваецца, тое, што я прачытала (першае ў прайсе), - то быў тарыф для інвалідаў. Дробным шрыфтам падпісана для такіх, як я. А для здаровых людзей расцэнкі іншыя”.

Натуральна, што гэта гісторыя атрымала назвычайны розгалас. На момант напісання гэтага матэрыялу пост Аляксандры Рогач сабраў амаль 5 тысяч перапостаў, каля 3 тысяч лайкаў і каля 800 пераважна абураных каментарыяў. Але, як высветліла Еўрарадыё, прадпрымальнік Стахоўскі такімі тарыфамі ніякага закону не парушыў. 

“У адпаведнасці з указам №72 ад 2011 года "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь" тарыфы на паслугі таксі дзяржавай не рэгулююцца, — распавялі ў прэс-службе Міністэрства Антыманапольнага рэгулявання. — То бок кошт вызначаецца з улікам попыту і прапановы. Мы рэгулюем толькі тарыфы на грамадскі гарадскі і прыгарадны транспарт”.

Дзяржаўная ўстанова “Сталічны транспарт і сувязь”, якая рэгіструе мінскія дыспетчарскія службы таксі, прыватнікамі не займаецца і на тарыфы таксама ніяк не ўплывае.

“Мы працуем толькі са службамі таксі, — гаворыць начальнік аддзела кантролю ўстановы Аляксандр Лешчанка. — Кантралюем працу прыватнікаў на лініі, але толькі разам з іншымі службамі, а гэта падатковая інспекцыя, транспартная інспекцыя і ДАІ”.

Па законе, маючы некалькі тарыфаў, таксіст мусіць данесці іх акалічнасці да пасажыра. Па сутнасці Аляксандр Стахоўскі гэта зрабіў, бо на яго прыборнай панэлі ёсць картка, дзе ўсё распісана. Ехаў ён па лічыльніку і нават выдаў чэк, а значыць прэтэнзій быць не можа!

“Кіроўцы, якія не жадаюць плаціць падаткі, увогуле ўсталёўваюць кошт, напрыклад, 1 капейка за кіламетр, — распавядае дырэктар службы таксі “ПятніцаЖана Насута. — Пасажыр пагаджаецца ехаць, напрыклад, за 5 рублёў. Яны едуць за пяць рублёў, але таксометр уключаны, і ён паказвае, там, 0.1 рубля. У гэтым выпадку чэк не дадуць, але, калі спыніць падатковая, то ў кіроўцы заўсёды ёсць адмазка. Маўляў, ехаў па лічыльніку, мы так дамовіліся, а ўсё што звыш гэтай капейкі — відаць, кліент жадае пакінуць на гарбату”.

Па словах Жанны, кіроўцы, якія ставяць завышаны тарыф, звычайна дзейнічаюць ад вакзалаў, гандлёвых цэнтраў і аэрапорта. Калі ў іх пытаюцца пра кошт паездкі, то яны адказваюць, што паедуць па лічыльніку.

“А ў нас жа ўсе прызвычаіліся, што “бамбілы” вязуць без лічыльніка па невядомых коштах, — працягвае дырэктар “Пятніцы”. — Таму супакойваюцца, бо думаюць, што па лічыльніку будць тыя кошты, да якіх яны прызвычаіліся, якія называюць дыспетчарскія службы. А потым гэта выліваецца ў такія вось гісторыі”. 

 

Па словах самога Аляксандра Стахоўскага, каб быць прыбытковым, яму дастаткова аднаго такога пасажыра, як Саша Рогач, у дзень. Але такія тарыфы — акцыя для прыцягнення ўвагі да праблемаў таксістаў.

“Проста сёння кампанія Uber і ўсё, што працуе без жоўтых нумароў, працуюць не ў адпаведнасці з законам, — тлумачыць, на што спрабуе прыцягнуць увагу таксіст. — Але ў Транспартнай інспекцыі, ды і ў Мінтранса, я так разумею,  недастаткова супрацоўнікаў і паўнамоцтваў, каб навесці парадак у гэтай сістэме. Таму мая асноўная мэта — дасягнуць таго, каб кіроўцы таксі займаліся перавозкамі пасажыраў, а ўсё, што з боку — не таксі, а нейкія падпрацоўшчыкі”.

Працаваць на дыспетчарскія службы Аляксандр Стахоўскі не жадае, бо лічыць іх тарыфы заніжанымі. Маўляў, тры гады працы на дыспетчараў грошай не прынеслі, наадварот.

“Большасць гульцоў на рынку сёння менавіта дыспетчарскія службы, — гаворыць Жана Насута. — У штаце якіх ёсць дыспетчары і якія заключаюць дамовы з кіроўцамі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. І вось гэтыя службы ўсталёўваюць тарыф для сваіх вадзіцеляў. Вельмі часта гэты тарыф невыгадны для вадзіцеляў, бо ён заніжаны. Але пры гэтым тарыф вельмі выгадны для дыспетчарскай службы, бо яна ж не нясе расходы за карыстанне машынай, яе затраты — дыспетчары, астатняе — прыбытак”. 

Праўда, як павышэнне тарыфаў у восем (!) разоў можа дапамагчы вырашыць праблемы з Uber і несправядлівасцю дыспетчарскіх службаў, так і застаецца незразумелым. Дарэчы, Аляксандр Стахоўскі адрэагаваў на розгалас абяцаннем вярнуць 63 рублі Аляксандры Рогач. Але для гэтага трэба, каб за змену яго паслугамі скарысталіся больш за 15 чалавек. Калі кліент агучыць кодавае “Барада 63”, то таксіст абяцае павезці па “льготным тарыфе” 1 рубель — адзін кіламетр. Што праўда, гэта ўсё роўна ўдвая даражэй за сярэдні тарыф. Таму, відаць, Аляксандр і далей будзе зарабляць тым, што чакае свайго аднаго “лоха” ў дзень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі