"52 правапарушэнні": чаму ў міліцыі расказваюць пра мінулыя правіннасці

"52 правапарушэнні": чаму ў міліцыі расказваюць пра мінулыя правіннасці

Дзмітрый Сталяроў, які забраўся на вежавы кран і патрабаваў заробак, байкер, які нібыта наехаў на матацыкле на супрацоўніка ДАІ, невядомы, які спаліў сябе на Кастрычніцкай плошчы. Пра ўсіх міліцыя і некаторыя СМІ паведамілі са ўзгадкай мінулых правапарушэнняў.

"Як аказалася, хлопец раней судзімы і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, і выязджаць за межы Віцебска ён не меў права", — паведамляў  тэлеканал АНТ. Але, як высветлілася Дзмітры Сталяроў не судзімы, ён пад крымінальнай справай, вінавацяць у крадзяжы інструмента.

"52 правапарушэнні": чаму ў міліцыі расказваюць пра мінулыя правіннасці

Дзмітрый з будаўнічага крана: “Мяне зразумелі і адпусцілі дадому”

Выйшаўшы на волю, мужчына распавядае Еўрарадыё, супраць чаго ён пратэставаў, ці ёсць у яго судзімасць і ці служыў ён у АМАПе.

Пра байкера ў прэс-службе ДАІ паведамляюць: "З 2007 года ён 52 разы прыцягваўся да адказнасці за парушэнне ПДР, яго сем разоў пазбаўлялі правоў кіроўцы за перавышэнне хуткасці, здзяйсненне ДТЗ, нецвярозае кіраванне".

Невядомы падпальвае сабе на Кастрычніцкай плошчы, бо не можа бачыцца з дзецьмі. І зноў пра не вельмі добрае мінулае гэтага чалавека паведамляе тэлеканал "Беларусь-1":

"Да слова, раней на гэтага чалавека было складзена 17 адміністрацыйных пратаколаў". І прычым тут самападпал...

Але што гэта за парушэнні? Можа, ён без талончыка ездзіў, — невядома.

"Калі ёсць інфармацыя, мы яе даём, — тлумачыць прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. — Я так разумею, што для праваахоўных органаў гэта важная рэч. Чаму б пра гэта ў зводках не сказаць? Нейкай шкоды я тут не бачу".

Адміністрацыйнае правапарушэнне гасіцца за адзін год. Праезд у тралейбусе без талончыка — гэта таксама адміністрацыйнае правапарушэнне. Але дзе мяжа паміж характарыстыкай і парушэннем прэзумпцыі невінаватасці?

"Калі гаворка вядзецца пра абвінавачанага, называецца яго імя, прозвішча, мінулыя злачынствы, якія ён здзейсніў — гэта можна расцэньваць, як ціск на суд і парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. З гэтым трэба быць вельмі акуратным", — кажа юрыст Гары Паганяйла.

Калі даецца інфармацыя пра парушэнні чалавека, то гэта мусіць быць лагічна, звязана з актуальнай справай, упэўнены праваабаронца Валянцін Стэфановіч:

"З аднаго боку, гэта публічная інфармацыя. Калі кіроўца 52 разы перавышаў хуткасць, то гэта неяк характарызуе яго. Але можа быць іншая сітуацыя, кожны чалавек хоць раз ды і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Калі рэгістравалі "Вясну", чыноўнік Міністэрства юстыцыі паказваў спіс, колькі правапарушэнняў ёсць у заснавальнікаў. І там была інфармацыя пра тое, колькі разоў я парушыў правілы паркоўкі".

Незразумела, як стасуецца парушэнне правілаў паркоўкі да рэгістрацыі арганізацыі. Калі чалавека ловяць за нейкае злачынства і ён яго робіць не першы раз, то казаць пра гэта варта, рэцыдыў. А калі гэта розныя парушэнні, у розны час, то звязаныя яны, як забарона рэгістраваць арганізацыю з парушэннем правілаў паркоўкі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі