40% бюджэтнікаў цяпер будуць адпрацоўваць не 2 гады, а 5?

На нарадзе па пытаннях паступлення ва ўніверсітэты кіраўнік дзяржавы прапануе павялічыць колькасць абітурыентаў, якія паступаюць з накіраваннем ад будучага працадаўцы.

“Бо гэта проста вызначыць будучага настаўніка, будучага ваеннага. У нас гэтага няма. Гэта асноўныя змены ў прыёмных іспытах”, — кажа Аляксандр Лукашэнка.

Новыя правілы прымаюць 20 сакавіка, за два месяцы да паступлення. На мэтавае навучанне па ўсіх спецыяльнасцях будуць набіраць да 40%, а на аграрныя спецыяльнасці — да 60% студэнтаў, перадае Белта.

Ці не стане з-за гэтых “асноўных зменаў” менш месцаў для звычайных бюджэтнікаў, якія вучацца без накіравання і, адпаведна, адпрацоўваюць па размеркаванні толькі два гады? Цікавімся ў галоўнай ВНУ краіны.

“Ішла гаворка пра адрасныя заяўкі — ад сельскай гаспадаркі, мінабароны. На спецыяльнасць, напрыклад, мэнэнджмент наўрад ці будуць такія заяўкі. Да таго ж, калі такія змены будуць, трэба мяняць Палажэнне “Аб мэтавым наборы”, — адказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУ.

Тут спадзяюцца, што многа мэтавікоў не пойдзе. Летась па накіраванні ў БДУ паступала толькі каля 20 чалавек сярод усіх абітурыентаў.

“Агульная колькасць месцаў не зменшыцца. Напрыклад, ёсць 40 месцаў на нейкай спецыяльнасці, 10 месцаў на мэтавы прыём. Гэтыя таксама бюджэтныя месцы, такая ж форма навучання. Адпаведна, тое самае, толькі выпускнік пойдзе да канкрэтнага працадаўцы, ну, і будзе там адпрацоўваць 5 гадоў”, — расказваюць у Беларускім тэхналагічным універсітэце.

А калі б паступаў без накіравання — толькі два гады.

Траціна першакурснікаў Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта цяпер вучацца для канкрэтнага прадпрыемства — паступілі па мэтавым запыце.

“Дзяржава што за таго грошы плаціць, што за таго. Але адзін адпрацоўвае два гады, другі — пяць. Калі гатовыя канкураваць, добра, калі не гатовыя — няхай бяруць мэтавы запыт і пасля 5 гадоў адпрацоўваюць”, — выказваюцца ў гэтай ВНУ.

Практыка мэтавага навучання ёсць паўсюль, выказваецца эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч. Але абітурыент сам дамаўляецца, як пасля будзе адпрацоўваць.

“Працадаўцы самі заключаюць дамовы з будучым студэнтам і самі з ім вырашаюць, якім будзе партнёрства. А ў нас гэта вырашае дзяржава, і фактычна гэта замацоўвае ўсю сістэму размеркавання”, — дзеліцца Святлана Маскевіч.

Летась уступныя іспыты не змаглі здаць больш за 30% ад усіх абітурыентаў: яны не набралі неабходныя парогавыя балы на тэставанні.

Фота: pushkin.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі