Вы тут

"280 кладаў у тыдзень": як наркадылер угаворваў журналіста рабіць "закладкі"

Дарогі назад не будзе / ru.freepik.com

На вуліцах Мінска поўна графіці з прапановамі "працы". Часам гэта акуратныя трафарэты, часам — малазразумелыя надпісы маркерам на кіёску "Табакерка". Сутнасць адна: наркадылеры вярбуюць маладых людзей, каб яны раскладвалі наркотыкі па месцах, адкуль іх змогуць забраць пакупнікі.

Адрас наркаканала ў "Тэлеграме" / Еўрарадыё

Закладчыкі — ніжняе звяно, гарматнае мяса наркатрафіку. Паколькі іх пастаянна затрымліваюць, дылерам іх трэба шмат. ЖЭСы не заўсёды спраўляюцца з тым, каб аператыўна прыбіраць рэкламу: аб'явы заставаліся незафарбаванымі і праз месяц пасля нашых заявак у службу 115.

Адрас наркаканала на тэхнічным будынку / Еўрарадыё

Нядаўна журналіст Еўрарадыё сутыкнуўся з новым відам вярбоўкі. Паведамленне з прапановай "працы" прыйшло яму ў сацсетцы "УКантакце"! Дарослы чалавек адразу зразумее, што яго разводзяць. Але неспрактыкаваны падлетак такім паведамленнем можа зацікавіцца. Глядзіце, як гэта працуе.

"Перастаньце ішачыць за капейкі!"

На першы погляд — ніякага крыміналу. Ды і на другі погляд таксама. Нас палохаюць нестабільнасцю, спакушаюць пераменамі да лепшага і просяць запоўніць анкету ў формах Google.

А праз каранавірус жа нават у Беларусі, дзе не ўведзены каранцін, людзі губляюць крыніцы даходу. Закрываюцца рэстараны, перастаюць працаваць кінатэатры. Сфера паслуг пагасае — тысячы беларусаў застаюцца без працы. А тут такая прапанова.

Стандартныя патрабаванні: пунктуальнасць, уважлівасць. Патрэбны пашпарт і рэгістрацыя — гэта адразу надае вакансіі самавітасці: абы-каго не бяруць. Наркадылер і праўда можа запатрабаваць сэлфі з пашпартам, разгорнутым на апошніх старонках. Многія згаджаюцца. А потым не могуць выйсці са злачыннага бізнесу, нават калі хочуць: іх шантажуюць перадачай усіх звестак у органы ўнутраных спраў.

Умовы прапануюцца больш чым нядрэнныя, а зарплата $2600 у месяц чалавеку без спецыяльных навыкаў на працы са свабодным графікам затыкае за пояс любую IT-кампанію. Тут бы і адчуць падвох: дзіўна, што сярод патрабаванняў для добра аплачванай працы няма адукацыі і досведу. Але ці ўсе змогуць адмовіцца ад такой выгаднай прапановы?

 

Яшчэ адна хітрасць — гэта пазначэнне дылерам колькасці свабодных месцаў на вакансію. У гэтай аб'яве гаварылася пра два. Маўляў, не марудзь, месцаў мала! Табе моцна пашанцавала!

Менеджар аддзела кадраў

Калі на другім этапе вярбоўкі вы пакінулі свае кантактныя звесткі, то неўзабаве вам напіша рэкрутар. Нам напісала "менеджар з аддзела кадраў" — Крысціна. Якая, хутчэй за ўсё, зусім і не Крысціна.

Для "якаснай дастаўкі" кур'еру патрэбны аўтамабіль. Мы аднекваемся, спасылаючыся на тое, што яго няма. "Менеджара" гэта не спыняе: "Гэта не важна, важна ваша жаданне зарабляць".

Крыху пазней тлумачыцца работа. З'яўляюцца інфармацыя пра расцэнкі і прыклады таго, як гэта работа павінна выконвацца. Наркотыкі дылер працягвае называць "таварам".

Фота ад наркадылера

Але мы ж ужо зразумелі, што да чаго. Таму пытаемся, ці не цягне такая праца крымінальнага пакарання.

"Таму і такія высокія заробкі, — адклікаецца вярбоўшчыца. — Але рызыкі мінімум, правядзём навучанне і ўсе кансультацыі", — адказвае вярбоўшчык. На гэтым мы спынілі зносіны з наркадылерам. Наступны крок — атрыманне задання і пачатак работы.

 

Чаго гэта каштуе папраўдзе

Статыстыка паказвае, што часцей за ўсё наркакур'ерамі становяцца студэнты і беспрацоўныя, у тым ліку — непаўналетнія. Але "кур'ерскія паслугі" такога характару не проста рызыкоўныя. Яны гарантавана адправяць "кур'ера" ў турму. Рэдка каму ўдаецца застацца нязлоўленым даўжэй за паўгода.

Незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі (а закладка наркотыкаў у схованкі — гэта якраз такія дзеянні) караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 25 гадоў. Ці варты месяц "высокааплатнай працы" страчанага юнацтва, праведзенага ў месцах пазбаўлення волі?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.