27 ліпеня пачнуць судзіць мінчука, у якога страляў міліцыянер у навагоднюю ноч

27 ліпеня пачнуць судзіць мінчука, у якога страляў міліцыянер у навагоднюю ноч

Судовы працэс над жыхаром Мінска, у якога двойчы страляў міліцыянер у навагоднюю ноч 2017 года, пачынаецца 27 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы. 28-гадоваму работніку "Кераміна" пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі за супраціўленне супрацоўніку міліцыі з ужываннем гвалту.

Нагадаем, паводле версіі міліцыі, мінчук Андрэй Г. неадэкватна адрэагаваў на просьбу знізіць гучнасць музыкі і накінуўся на праваахоўніка, спрабуючы адабраць пісталет. У выніку Андрэй Г. атрымаў два кулявыя раненні і апынуўся ў рэанімацыі.

Па словах Андрэя, сябра параненага хлопца, стан здароўя Андрэя Г. дазваляе яму прысутнічаць на судзе.

Андрэй: “Я яго не наведваў, але з лістоў Андрэя ведаю, што самаадчуванне яго нармальнае: ён цалкам паправіўся ад нанесенай траўмы”.

Нагадаем, што ў сведкаў інцыдэнту, які адбыўся ў навагоднюю ноч на вуліцы Любімава ў Мінску, адрозная ад міліцэйскай версія падзей. Так, жонка параненага гаспадара кватэры заявіла, што як толькі Андрэй адчыніў дзверы, госці пачулі крыкі і стрэлы. Першай у тамбур выбегла яе сястра, на якую міліцыянер наставіў пісталет. Мужчына ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. Міліцыянер, які страляў, адразу ж збег. На пляцоўцы засталіся яшчэ два міліцыянеры, але жонка параненага не ведае, прысутнічалі яны ў момант здарэння ці падышлі пазней.

Праз пэўны час стала вядома, што маці міліцыянера прасіла прабачэння ў бацькоў параненага яе сынам хлопца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі