230 выпадкаў адзёру зафіксавана ў Беларусі з лютага

230 выпадкаў адзёру зафіксавана ў Беларусі з лютага

З лютага гэтага года у Беларусі зафіксавана 230 выпадкаў адзёру. Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, пераважная колькасць выпадакаў — завазная інфекцыя, звычайна з Украіны, дзе цяпер досыць складаная эпідэміялагічная сітуацыя. Таксама былі адзінкавыя выпадкі захварэлых украінскіх грамадзянаў, якія прыехалі ў Беларусь.

85% захварэлых на адзёр не прышчапляліся, у тым ліку у сувязі з адмовай ад прышчэпак, або былі прышчэпленыя не цалкам. Медыкі нагадваюць, што адзёр з’яўляецца небяспечным захворваннем, якое часам прыводзіць да смяротнага выніку. Асабліва настойліва рэкамендуюць праверыць свой прышчэпачны статус тым, хто збіраецца за мяжу, а калі вакцынацыі не было, то зрабіць прышчэпку.

Першы выпадак адзёру сёлета выявілі ў Ваўкавыску, дзе захварэла 5-гадовая дзяўчынка. Затым успышку захворванняў зафіксавалі ў Гомельскай вобласці, куды інфекцыю прывезлі з Адэсы. Выпадкі адзёру фіксаваліся таксама ў Брэсцкай вобласці, у Мінску і ў Мінскай вобласці.

Спецыялісты мяркуюць, што ў Беларусі няма сур’ёзнай пагрозы масавага распаўсюду гэтага захворвання, бо прышчэпкі зробленыя болей чым 90% насельніцтва, у той час як суседняй Украіне вакцынаваныя толькі 30-35%, а выпадкаў адзёру было болей за 30 тысячаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі