23 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік

23 красавіка ў Беларусі пройдзе рэспубліканскі суботнік

Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 23 красавіка, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўраду. Адпаведную пастанову № 214 Саўмін прыняў 18 сакавіка.

Згодна з пастановай, рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, мясцовым выканаўчым і распараджальным органам, іншым арганізацыям рэкамендавана “на добраахвотнай аснове правесці рэспубліканскі суботнік”. Выйсці на яго можна на працоўным месцы, а таксама можна далучыцца да працаў па добраўпарадкаванні гісторыка-культурных каштоўнасцяў і прывесці ў належны стан пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторыі населеных пунктаў, або заняцца падрыхтоўкай дзіцячых аздараўляльных і спартова-аздараўляльных лагераў да летняга сезона.

На суботніку, як звычайна, будуць збіраць грошы, якія “добраахвотна” пералічваюць работнікі. Палова гэтых сродкаў накіроўваецца ў Міністэрства фінансаў праз мясцовыя ўлады. Астатнія 50% застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама і накіроўваюцца на добраўпарадкаванне, развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы розных сацыяльных аб’ектаў.

Напрыклад, сёлета ў Брэсцкай вобласці грошы з суботніка пойдуць на будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтру, у Гомелі — на праектаванне і будаўніцтва абласной дзіцячай лякарні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі