12:23 Апазіцыя прапанавала ўраду супрацоўніцтва па праблеме Чарнобыля

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ад імя Нацыянальнага камітэта аб'яднаных дэмакратычных сіл звярнуўся да прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага з прапановай стварыць сумесную рабочую групу. Ён прапаноўвае прааналізаваць сітуацыю і выпрацаваць прапановы па актывізацыі дзейнасці, звязанай з пераадоленнем наступстваў чарнобыльскай катастрофы. На яго думку, "цяпер па многіх кірунках гэтая праца вядзецца недастаткова эфектыўна".

"Улады не выкарыстоўваюць нават наяўныя магчымасці, - кажа Лябедзька. - У прыватнасці, па лініі праграмы TACIS беларускі бок за мінулы год не выкарыстаў 1 мільён еўра, прызначаны для дапамогі чарнобыльскім рэгіёнам". Нацыянальны камітэт прапаноўвае выкарыстаць магчымасці грамадзянскай супольнасці.

"Яе патэнцыял велізарны, - лічыць Лябедзька. - За мінулыя гады больш за 400 тысяч дзяцей прайшлі аздараўленне за мяжой. Гэта не каштавала беларускаму ўраду ні капейкі. Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы гатовы выкарыстаць новыя магчымасці ў межах апошніх прапаноў Еўрапейскага саюза".

Ліст з прапановамі да ўрада адпраўлены 27 сакавіка. Згодна з заканадаўствам, адказ павінен быць атрыманы праз 30 дзён, паведамляе прэс-служба АГП.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі