З’явіўся зборнік баек пра вядомых беларусаў канца ХХ-пачатку ХХI стагоддзя

Выйшла кніга беларускага журналіста і літаратара Севярына Квяткоўскага «Фрашкі да пляшкі».
Гэта зборнік баек пра нашых вядомых суайчыннікаў канца ХХ - пачатку ХХI-га стагоддзя. Квяткоўскі працаваў над кнігай цягам 15 гадоў. Карыстальнікі Сусветнага Сеціва яе ўжо паспелі назваць «Супольным праектам», бо ў кнігу ўвайшлі не толькі гісторыі асабіста спадара Квяткоўскага, але і іншых інтэрнаўтаў.

Севярын Квяткоўскі спецыяльна для «Еўрарадыё» згадзіўся распавесці сваю любімую гісторыю:

«Шмат гісторый звязана з Касяй Камоцкай, таму што ў юнацтве я так актыўна тусаваўся з рокерамі, менавіта ў асяродку Касі. Мне асабіста вельмі падабаецца гісторыя Алеся Камоцкага. Гэта было ў 1984-м годзе. Тады яшчэ маладыя нашыя цяперашнія мэтры ладзілі першае такое публічнае Купалле.

Іх арыштавала міліцыя і пасля іх дапытваў КДБ. Супрацоўнік запытаўся ў Алеся Камоцкага: «Ці ведаеце Вы, што Вашая жонка спявае нацыяналістычныя песні?», на што Камоцкі адказаў: «Так! А яшчэ яна таньчыць нацыяналістычныя танцы!»

Севярын Квяткоўскі ўжо зараз упэўнены, што новы для Беларусі жанр і надалей будзе мець развіццё. Да таго ж сам літаратар дакладна мае намер выдаваць і другую кнігу, тым больш матэрыял, па яго словах, ужо падрыхтаваны.


ДАВЕДКА «Еўрарадыё»:

Фрашкі - гэта са старапольскай. Азначае жарт ці нейкая смешная гісторыя. У свой час на гэтай ніве адзначыўся Сяргей Даўлатаў са сваімі «Сола на Ундэрвудзе» і «Сола на ІВМ». Цяпер жа мы маем магчымасць прачытаць амаль тое ж, толькі па-беларуску і пра беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі