Вы тут

З'явілася новае відэа Лукашэнкі з аўтаматам ля Палаца Незалежнасці

Аляксандр Лукашэнка з аўтаматам каля Палаца Незалежнасці / Скрыншот з відэа​

У сеціве з'явілася службовае відэа, знятае сілавікамі 23 жніўня ля кардона каля Палаца Незалежнасці. Гэта была нядзеля, у Мінску праходзіў чарговы пратэстны марш. Рэзідэнцыя Лукашэнкі была ачэпленая.

Відэа, якое трапіла ў распараджэнне кампаніі @By_POL, знятае з двух пунктаў. "Ззаду прэзідэнт", — кажа голас на адным. "Яшчэ раз інфармацыя — Усход ідзе", — чуецца на другім. Паралельна галасы з паўсмехам і матам каментуюць, што "Усход" ідзе з аўтаматам.

На кадрах відаць, што перад кардонам практычна няма людзей. Пры камандзе "ачысціць квадрат", група сілавікоў накіроўваецца да людзей. Разам з імі з-за ачаплення выходзіць і Аляксандр Лукашэнка ў бронекамізэльцы і з аўтаматам у руках.

Людзі разбягаюцца. Лукашэнка ідзе міма ачаплення, чуваць каманда "Прыбраць іх, я кажу". Сілавікі накіроўваюцца да адзінай жанчыны, якая засталася і якая стаіць на каленях перад кардонам. Яе адводзяць і адпускаюць.

За кадрам чуваць голас Лукашэнкі: "Дзякуй, хлопцы. У даўгу не застанемся". Раздаюцца апладысменты. Людзі за і каля камеры тым часам здзіўлена і не саромеючыся ў выразах абмяркоўваюць "Калаш у яго ці што?" і "Кольку ўзброіў! Узброіў сына да зубоў. Пісталет, аўтамат".

Лукашэнка, ужо вярнуўшыся за спіны сілавікоў, крычыць ім "Героі вы, дзякуй" і сыходзіць у кірунку Палаца Незалежнасці.

У нядзелю, 23 жніўня, Аляксандр Лукашэнка, калі пратэстоўцы ўжо сышлі ад Палаца Незалежнасці, выйшаў вітаць сілавікоў, трымаючы ў руках аўтамат. Пазней ён тлумачыў журналістам, што такім чынам хацеў паказаць, што знаходзіцца "на месцы", і што ён "не баязлівец". Па яго словах, з ім былі тры чалавекі з Службы бяспекі прэзідэнта, "3-4 чалавекі" з "антытэрарыстычнага падраздзялення" і 15-гадовы сын Мікалай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.