З'явіцца 4-ая серыя фільму "Чалавек-павук"?

Вітаю вас, слухачы “Еўрарадыё”. Шоў-біз і Галляш Валынец бліжэйшыя хвіліны на нашых хвалях.

25 лютага ў КЗ «Мінск» будуць абвешчаныя рок-героі мінулага году. Рок-кароны атрымаюць пераможцы кожнай з 12 намінацыяў. Шмат каму мінулая «Рок-Каранацыя» запомнілася з’яўленнем у залі Аляксандра Мілінкевіча і адмовай у сувязі з гэтым «J_Морс» выходзіць на сцэну. Але не тое было галоўнае.

«Рок-Каранацыя-2005» сталася куды больш маштабным мерапрыемствам, чым раней. Асобная ўвага была скіравана на правінцыяльныя гурты, а таксама на іншыя музычныя плыні. Сёлета арганізатары пайшлі яшчэ далей...

На «Рок-Каранацыі-2006» з’явяцца некалькі новых намінацыяў: адзначаць лепшых у цяжкай і ў пазытыўнай музыцы, а таксама скіруюць увагу на тых, хто працуе ў лягчэйшых плынях, такіх як шансон, бардаўская песня і кабарэ. Знайшлося месца, нават для рэпера Кроўа і Пятра Ялфімава – як, адпаведна, «Хіп-хоп выканаўца году» і «Поп-рок выканаўца году».

Ва ўсіх намінацыях бяруць удзел толькі тыя, хто цягам мінулага году выдаў альбом, усяго такіх каля шасьцідзесяці. Але гэты крытэр не адзіны: пры выбары ўлічваецца таксама актыўная канцэртная дзейнасьць і сталая прысутнасць выканаўцы ў інфармацыйнай прасторы. І яшчэ адно новаўвядзенне – у кожнай намінацыі свая экспертная група.

Так пераможцаў у традыцыйных намінацыях «Альбом году» і «Праект году» вызначаць кіраўнікі айчынных лэйблаў і гуказапісвальных кампаніяў. «Хіт году» назавуць прадстаўнікі друкаваных ды інтэрнэт СМІ, беларускага «эфэму» і тэлебачання, за «Кліп году» будуць галасаваць прадстаўнікі айчынных тэлеканалаў.

З дапамогай інтэрнэт-галасавання вызначаць «Выканаўцу году». Склад журы сёлета налічвае больш за трыццаць экспертаў – журналістаў і музычных крытыкаў, тэле- і радыёвядучых, музыкаў і прадзюсараў, рок-паэтаў і мэнэджэраў.

Нагадаю, што апошнія некалькі год рок-каранацыі, калі праходзілі, збіралі даволі мала гледачоў. Класная традыцыя, не ведаю з-за чаго – ці то неаўтарытэтнага журы, ці не самых праўдзівых вынікаў – згубіла сваю былую моц. Можа цяпер атрымаецца адрадзіць гэтую ўзнагароду, але пакуль не зменяцца вядомыя нам абставіны, сапраўдныя мастадонты беларускай рок- сцэны, удзельнічаць у ёй не змогуць, і гэта, нажаль, факт.



Пераходзім да замежжа. Аўдыя-анталогія «Шэдэўры ўкраінскай музыкі», з аўтографам лідэра «Воплей Відаплясава» Алегам Скрыпкай, якая была выстаўленая на аўкцыён у Львове, пайшла за незвычайна вялікія грошы – 1200 долараў. Уладальнікам лоту стаў львоўскі бізнэсовец Пётар Адамік.

Дадам, што грошы, заробленныя на аўкцыёне, а гэта амаль 10000 долараў - пайшлі на закупку абсталявання дзеля камп’ютэрнага класа ў гарадской школе сацыяльнай рэабілітацыі.

Па словах Алега Скрыпкі, ён “вельмі рады, што дабрачыннасць стала моднай, нажаль, гэта прыйшло некалькі пазней, чым мода будаваць замкі з вежамі”. Маўляў, дабрачыннаць - гэта нешта накшталт, паходаў ў царкву каб замаліць грахі, і атрымаць пасля гэтага псіхалагічны камфорт.

Людзей, якія жадаюць займацца дабрачыннасцю, шмат, але да іх мала даверу. А артысты павінны паказаць, што дабрачыннасці можна мець давер. Менавіта ў гэтым і ёсць іх задача».



Да навінаў кінематографу.

Кінакампанія Sony Pictures прапанавала вядомаму сцэнарысту Дэвіду Коэпу распрацаваць сюжэт чацьвёртай серыі фільму "Чалавек-павук". Паводле ананімнай крыніцы з самой кампаніі, яе кіраўніцтву так спадабаўс чарнавы варыянт "Чалавека-павука – 3", што яно вырашыла працягнуць развіццё франшызы.

Сам Коэп, які з’яўляецца аўтарам сцэнару першага фільму, не так даўно скончыў працу над сюжэтам "Індзіаны Джонса 4". Акрамя гэтага, Коэп напісаў сцэнары да такіх вядомых стужак, як "Вайна сусветаў", "Парк Юрскага перыяду", "Пакой жахаў", "Немагчымая місія " і "Шлях Карліёта". Нагадаю, што прэм’ера фільму "Чалавек-павук 3" адбудзецца 4 траўня 2007 году. А агульныя касавыя зборы першых дзвух серый перавысілі 1 мільярд 600 мільёнаў долараў.

Гэта быў шоў-біз і Галляш Валынец на хвалях “Еўрарадыё”. Заставайціся з намі.