Звальняюць случчанку, якая не працавала і атрымлівала заробак

Звальняюць случчанку, якая не працавала і атрымлівала заробак

Адміністрацыя гарадскога стадыёна ў Слуцку звальняе 51-гадовую Ларысу Грыгаровіч, якая загадвала пунктам пракату канькоў, паведамляе "Белсат".

Гісторыя гэтай жанчыны ўзварушыла інтэрнэт у верасні. Грыгаровіч узялі загадчыцай пункту пракату канькоў на зіму і папярэдзілі, што ўлетку можна будзе падпрацоўваць у касе. Аднак улетку дадатковай працы ёй не знайшлі. У выніку жанчыне давялося некалькі месяцаў хадзіць на працу, дзе яна нічога не рабіла — проста сядзела за пустым сталом. За гэта ёй плацілі 270 рублёў. Грыгаровіч прасіла даць ёй працу або скараціць.

Праз два месяцы высветлілася, што падпрацоўку яна ўсё ж атрымала — прыбіраць службовыя памяшканні. А з надыходам зімы высветлілася, што з ёй не хочуць працягваць кантракт.

"Я працавала, усё было нармалёва, але мінула два месяцы, мне пачалі выстаўляць прэтэнзіі, якія не звязаныя з маёй працай. Я лічу, проста каб не працягнуць са мной кантракту. Тлумачэнняў ніхто не даваў. Відаць, гэта праз тое, што я звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, і толькі тады нешта змянілася. Пазней мне прыватна сказалі, што я разварушыла гняздо", — распавяла Грыгаровіч.

Дарэчы, жанчына і цяпер нічога не робіць па асноўнай працы: канькоў на стадыёне не выдаюць, і нават стадыён ніхто не заліваў.

Начальнік аддзела спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Аляксандр Вежнавец запэўніў, што ў сітуацыі са звальненнем Грыгаровіч парушэнняў закону няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі