ЗША ўвялі санкцыі супраць Турцыі з-за яе наступу ў Сірыі

ЗША ўвялі санкцыі супраць Турцыі з-за яе наступу ў Сірыі

ЗША ўвялі санкцыі супраць Турцыі з-за яе наступу ў Сірыі. Указ, падпісаны прэзідэнтам Дональдам Трампам, дазваляе ў далейшым уводзіць дадатковыя санкцыі. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", санкцыі ўведзены супраць міністэрстваў абароны і энергетыкі Турцыі. У "чорны спіс" трапілі міністр абароны Хулусі Акар, міністр энергетыкі Фаціх Данмез, намеснік старшыні правячай у Турцыі Партыі справядлівасці і развіцця Сулейман Сайлу.

Мэта санкцый — прымусіць Анкару неадкладна спыніць наступ сваіх войскаў на поўначы Сірыі і вярнуцца да дыялогу з ЗША. Калі гэтага не адбудзецца, Вашынгтон зробіць наступныя крокі. Раней Трамп папярэджваў, што Злучаныя Штаты здольныя "знішчыць эканоміку Турцыі". Ён ужо даў загад аб спыненні гандлёвых перамоў з Анкарой, а таксама аб вяртанні 50-адсоткавых пошлін на імпарт сталі (у канцы вясны іх знізілі да 25%).

На мінулым тыдні Турцыя пачала аперацыю супраць курдскіх узброеных фармаванняў, якія кантралююць раёны на поўначы Сірыі (у Анкары лічаць, што яны маюць сувязь з узброенымі атрадамі курдаў у Турцыі, якіх улады называюць тэрарыстамі). Падчас вайны з тэрарыстычнай "Ісламскай дзяржавай" курды былі саюзнікамі ЗША. Аднак Дональд Трамп анансаваў вывад амерыканскіх войскаў, што лідары курдаў у Сірыі назвалі "ўдарам у спіну" (амерыканцы не збіраюцца ім дапамагаць вайсковай сілай). Курды пайшлі на дамову з рэжымам Башара Асада, каб сумесна стрымаць наступ турэцкіх войскаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі