ЗША, Данія, Бельгія — адкуль Беларусь завозіць свініну

“Ачагі (эпідэміі свіной чумы — заўвага Еўрарадыё) выяўленыя ў Польшчы, Літве… Завозіць гэтае мяса мы не можам, таму разам з Рассельгаснаглядам разглядаем варыянты імпарту свініны з іншых краін. У прыватнасці, ёсць магчымасць завозіць яе з Канады”, — расказвае журналістам намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Седзін.

Свініна з Канады на беларускіх прылаўках — гучыць амаль як фантастыка. Але гэта суворая праўда. У справаздачы Белстата за студзень-сакавік 2014 года бачым, што Беларусь купляе свініну ў Даніі (амаль 1500 тон за тры месяцы), Польшчы (1200 тон), Францыі (650 тон), Нідэрландах (каля 350 тон) і нават у Бельгіі і ЗША (144 і 41 т адпаведна). Таму намесніку міністра з яго канадскімі планамі можна смела паверыць. Пытанне, колькі будзе каштаваць для беларусаў тая канадская свініна.

На брэсцкім прыватным мясаперапрацоўчым прадпрыемстве “Інка фуд” Еўрарадыё расказваюць, што пасля забароны ўвозіць сыравіну з Польшчы, уведзенай вясной, пэўны час былі праблемы. Але ўдалося знайсці іншых замежных пастаўшчыкоў.

“Патрэбы нашыя засталіся на ранейшым узроўні. Мы перапрацоўваем 600 тон свініны ў год. Праблем пакуль няма. Маем сваіх пастаўшчыкоў і ў Беларусі, і за яе межамі. Але гэта камерцыйная таямніца, таму я не магу вам сказаць, адкуль менавіта”.

На прадпрыемстве гавораць, што новая свініна даражэйшая за польскую — сваю ролю адыгрываюць цэны дастаўкі. Таму рост цэн на выніковы прадукт непазбежны. Але ў “Інка Фуд” задаволеныя нават гэтым — іншым прадпрыемствам даводзіцца нашмат цяжэй. Нават дзяржаўным, якія атрымалі ільготы ад дзяржавы.

“Мы ведаем пра праблемы іншых. І самі мелі іх у пачатку года. Забарона на ўвоз свініны з Польшчы па ўсіх ударыла, яна была нечаканай. Пасля яе дзяржаўныя прадпрыемствы атрымалі падтрымку. Яны мелі сваю сыравінную базу, у дадатак свініну прадавалі пераважна дзяржпрадпрыемствам і па больш выгадных цэнах. Але мы знайшлі пастаўшчыкоў за мяжой, падпісалі выгадныя кантракты”.

Што датычыць паставак свініны з Канады, то гэта не новы для Беларусі шлях. У 2013 годзе агулам у гэтай далёкай паўночнаамерыканскай краіне Беларусь купіла амаль паўтары тысячы тон свініны. Гэтага хопіць, каб з гакам на год загрузіць працай два такія прадпрыемствы, як “Інка фуд”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі