Вы тут

Зорка Венера: мастакі вінавацяць завод “Луч” у крадзяжы дызайну гадзіннікаў

Новая калекцыя гадзіннікаў / luch.by

18 лютага завод “Луч” прэзентаваў калекцыю гадзіннікаў “Зорка Венера”. На цыферблаце новых мадэляў — зорнае неба, на адваротным баку — радкі з верша Максіма Багдановіча:“Зорка Венера ўзышла над зямлёю, cветлыя згадкi з сабой прывяла”. На першы погляд, усё крута. Але нечакана здарыўся скандал: гаспадары крамы падарункаў “Зорка Венера” Васіль Бялько і Кася Сцяпанава заявілі, што гэта яны прыдумалі калекцыю і “прынеслі” яе на гадзіннікавы завод. А “Луч” спярша знік з радараў, а пасля выпусціў калекцыю пад сваім брэндам, нават не згадаўшы пра яе аўтараў.

“9 ліпеня [2019 года] мы сустрэліся з прадстаўнікамі завода [менеджарам Антонам Раднянковым і кіраўніком маркетынгу Яраславай Піменавай. — Еўрарадыё], каб запусціць сумесную калекцыю гадзіннікаў, — расказвае Еўрарадыё Кася Сцяпанава. — У нас была прэзентацыя, паказалі прыклады, апісалі колер і прывязку з літаратурай. Закіпела праца. Зрабілі першыя макеты, якія таксама ў нас захаваныя. Яны даслалі макеты на ўзгадненне, а потым людзі проста зніклі. Мы вырашылі, што прадпрыемству ідэя больш не цікавая”.

Ніякіх папер наконт супрацоўніцтва паміж мастакамі і заводам падпісана не было. Аўтары кажуць, што ведалі паспяховыя і сумленныя прыклады працы завода з мастакамі, таму і паверылі на слова. Праз некалькі месяцаў калекцыя “Зорка Венера” паступіла ў продаж. Васіль і Кася даведаліся пра гэта постфактум.

“Нейкія несур’ёзныя і дзіўныя паводзіны, — працягвае Кася Сцяпанава. — Потым з прадпрыемства пыталіся, чаго мы хочам. Як мінімум, каб выбачыліся за такую сітуацыю! Гэта была наша ідэя, якую мы хацелі ажыццявіць разам з імі, а яны гэтую ідэю прысабечылі і ажыццявілі без нас”.

Завод у Мінску

Антон Раднянкоў пацвердзіў Еўрарадыё, што сустрэча з Васілём Бялько і Касяй Сцяпанавай была. Але дадаў, што з верасня 2019 года не працуе на заводзе “Луч”.

“Сітуацыя непрыгожая. Калі я пабачыў, што “Луч” выпусціў калекцыю “Зорка Венера”, але без партнёрства з Васілём і Касяй, дык адразу напісаў намесніку дырэктара “Луча” Рафіку Саркісяну”, — пракаментаваў Раднянкоў.

На прадпрыемстве прэтэнзіі Бялько і Сцяпанавай тлумачаць жаданнем мастакоў хайпануць на новай калекцыі гадзіннікаў. 

“Мне смешна чуць, што нехта прыдумаў гэтую калекцыю, калі я пачаў яе распрацоўваць у снежні 2019 года,  — адказаў Еўрарадыё арт-дырэктар завода “Луч” Іван Краўчэня.  — Я з’яўляюся арт-дырэктарам Мінскага гадзіннікавага завода з 1 кастрычніка мінулага года. З таго часу і да сёння са мной ніхто з крамы “Зорка Венера” не звязваўся. І ў сферы бізнесу смешна гаварыць пра нейкія дамоўленнасці, якія ніяк не абазначаны і не пацверджаны”.

Пазней Еўрарадыё перазванілі з “Луча” і расказалі, што плануюць сустрэцца з Васілём Бялько і Касяй Сцяпанавай, каб высветліць акалічнасці сітуацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.