Вы тут

"Зніжэнне да 2,4 BYN за долар — наўрад": аналітык пра курс рубля і ўклады

Юані калі і заменяць долары, то вельмі няхутка / Eric Prouzet

За некалькі дзён да ўварвання Расіі ва Украіну беларускі рубель вагаўся ля адзнакі 2,4–2,5 BYN за долар. Ці вернецца ён хоць бы на старыя пазіцыі ў агляднай будучыні?

— На мой погляд, зніжэнне да адзнакі 2,4 рубля за долар наўрад ці магчымае, — сумняваецца старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна. — Тыя ж імпарцёры закладваюць больш высокія валютныя рызыкі, чым было паўтара месяца таму.

Гэта адбіваецца на кошце імпартных тавараў. Адпаведна, гэта адгукаецца на інфляцыі і ў канчатковым выніку ўплывае на курс беларускага рубля. Моцны адкат назад наўрад ці магчымы з улікам чаканага паскарэння інфляцыйных працэсаў.

Уклад у беларускіх рублях "Для смелых"

Адсоткавыя стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях даходзяць да 28% / скриншот myfin.by

Калі знойдуцца тыя, хто ў цяжкія часы адважыцца завесці дэпазіт, то ў якой валюце яго адкрываць?

— Трэба разумець, што беларускі рубель — гэта не цвёрдая валюта. Ён схільны да рэзкіх ваганняў, інфляцыйныя рызыкі захоўваюцца. Тут ужо кожны вырашае сам: хоча ён захаваць зберажэнні [доларавы ўклад. — Еўрарадыё] або атрымаць больш высокія адсоткі пры больш высокіх рызыках [уклад у беларускіх рублях. — Еўрарадыё].

Расійскі рубель — абмежавана канвертаваная валюта і вельмі валатыльная на сённяшні дзень. Я б, напэўна, не ўкладвала ў расійскія рублі. Таму што гэта, у прынцыпе, не мае цяпер нейкай інвестыцыйнай або ашчаднай прывабнасці, — дзеліцца меркаваннем Анастасія Лузгіна.

 

"Долар застанецца дамінантнай валютай у свеце"

Ці гатовыя беларусы да разліку юанямі? / pixabay.com

"Напэўна, будзем хутка змагацца, каб лішні расійскі рубель быў у кішэні ці юань", заяўляе з трыбуны Лукашэнка. Няўжо і папраўдзе ў Беларусі долар хутка будзе "нікому не патрэбны"?

— Ёсць шэраг прагнозаў, што на аснове таго, што цяпер адбываецца ў свеце, магчымае ўтварэнне больш дробных валютных блокаў, у рамках якіх некалькі краін будуць развіваць супрацоўніцтва ў нацыянальных валютах. Гэта магчыма. Пры гэтым долар застанецца дамінантнай валютай у свеце, але яго доля можа крыху скараціцца.

Тэндэнцыю павольнага зніжэння долара ў агульным аб'ёме мы назіраем, груба кажучы, апошнія дзесяць гадоў. Але гэта вельмі працяглы працэс. Калі гэта будзе адбывацца, то гэта зойме не месяцы, а гады. Адна рэч вырашыць на дзяржаўным узроўні. Іншая рэч — жаданне краіны-партнёра разлічвацца ў той ці іншай валюце, — падкрэслівае Анастасія Лузгіна.

З доларам спакайней? / depositphotos.com

"Гаварыць пра эканамічны рост не выпадае"

На фоне вайны ва Украіне беларускі рубель пагоршыў сваё становішча да адзнакі 3,3 BYN за адзін долар. Цяпер "зайчык" адыгрывае пазіцыі, але пры гэтым зніжаецца да расійскага рубля.

— Расійскі рубель дэманструе тэндэнцыю да ўмацавання, — расказвае пра бягучую абстаноўку Анастасія Лузгіна. — Безумоўна, уплываюць геапалітычныя фактары, такія як пазітыўныя тэндэнцыі ў перамовах па вырашэнні канфлікту паміж Расіяй і Украінай. З іншага боку, уплываюць беспрэцэдэнтныя абмежаванні на валютным рынку, якія ўвёў Цэнтральны банк Расіі.

Іміджавыя страты і ўмовы жорсткіх санкцый, у якіх апынулася эканоміка Беларусі і Расіі, вельмі адмоўна адбіваюцца на эканамічным развіцці. Гаварыць пра нейкі эканамічны рост, натуральна, не выпадае.

Адпаведна, нельга гаварыць пра стабільнасць цэн. Хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе не на тым узроўні, які прагназаваўся. У цэлым жа цяпер складана прагназаваць: мы не бачым усіх звестак, каб гаварыць пра тое, як адрэагуе эканоміка. Але рызыкі захоўваюцца. Можна гаварыць толькі пра тое, што інфляцыя паскорыцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.