Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года

У Польшчы знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года. Камандзір польскай стражніцы Каменны Воз, якая месцілася ў Галубіцкай пушчы, Стэфан Павел Палчынскі загінуў, абараняючы мяжу ад наступаючых савецкіх войскаў. Перад гэтым ён, па сведчаннях мясцовых жыхароў, дзве гадзіны трымаў абарону, знішчыўшы некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў.

Калі польскага памежніка забілі, то два дні не дазвалялі яго пахаваць. Потым мясцовыя жыхары ноччу тайна пахавалі паляка непадалёк ад стражніцы. Месца гэтае заросло лесам і было невядомае, пакуль у 2011 годзе парэшткі памежніка не былі знойдзеныя жыхаром вёскі Хралы Віктарам Жаваранкам.

Урачыстае перапахаванне адбылося на могілках у Глыбокім 17 верасня 2011 года. На месцы гібелі Палчынскага быў пастаўлены крыж. Але дагэтуль ніхто не ведаў, адкуль ён быў родам і як выглядаў.
І вось зараз стала вядома, што Стэфан Павел Палчынскі нарадзіўся ў Кракаве ў 1909 годзе. У яго была сястра, малодшая за яго на шаснаццаць гадоў. І вось зараз яе ўнук Кшыштаф Бурскі наведаў Глыбоччыну, каб выказаць падзяку ўсім, хто спрычыніўся да захавання памяці пра сваяка. Ён уручыў ліст падзякі ад свайго бацькі Віктару Жаваранку.

Жыхар вёскі Шо Іван Анашкевіч па здымках, якія яму паказалі, пазнаў былога памежніка. Ён распавёў, што польскія жаўнеры былі забралі ў яго бацькі сеткі і рыбу, а Палчынскі загадаў усё гэта вярнуць і папрасіць прабачэння.

Дапамог адшукаць сваякоў Палчынскага жыхар Варшавы Уладзіслаў Краўчук, які узначальвае Згуртаванне браславян у Варшаве. Ён паказаў таксама кулі, якія былі знойдзеныя ў целе памежніка.

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі