Zmagarka: Безумоўна, мне вельмі шкада і гэтых салдатаў, і іх родных

Еўрарадыё датэлефанавалася ў Вільню да ЖЖ-карыстальніцы zmagarka, якая днямі зрабіла выбух у інтэрнэце відэаролікам з чачэнцамі, што адразаюць галовы расійскім палонным. Дарэчы, у гэты ж час яна атрымала дыплом філосафа ў ЕГУ. Мы задалі Таццяне Елавой пытанні, каб зразумець, што гэта было Еўрарадыё: Ці лічыце вы самі ваш пост правакацыйным?

Таццяна Елавая: “Па-першае, гэты допіс нясвежы. Ён напісаны два месяцы таму, і тады яго змаглі пабачыць усе мае сябры. А іх было тады, прыкладна, тысяча. Чамусьці ніякіх грубых і рэзкіх рэакцый, якія зараз прыходзяць ад расіянаў, не было. Адбылася нармальная, адэкватная дыскусія! А праз два месяцы нейкі чалавек закінуў спасылку на нейкія расійскія суполкі, і пачалося! Так што я думаю, што тут хутчэй пытанне не правакацыі, а якасці чытачоў...”.

Еўрарадыё: А яшчэ такія пасты ў ЖЖ часта лепяцца, так бы мовіць, для рэйтынгу...

Таццяна Елавая: “Не сакрэт, што я ў ЖЖ не першы год. Мяне тут добра ведаюць, таму працаваць на рэйтынг мне ўжо не ўпала. А па-другое, з мінулага жніўня, калі ў мяне былі праблемы з адміністрацыяй ЖЖ з нагоды размяшчэння пастоў пра расійска-грузінскі канфлікт, мой часопіс чамусьці быў замарожаны. З тых часоў мой рэйтынг не ссоўваецца ні ўверх, ні ўніз.

Мяжа між правакацыяй і шчырасцю — гэта вельмі тонкае пытанне. Толькі гісторыя гаворыць, што каб інфармацыя дайшла да некаторых людзей, інфармацыя мусіць быць пададзеная ім у форме правакацыі, у форме выкліку. Можа, тады яны здымуць свае ружовыя акуляры, а можа і яшчэ што-небудзь. І зразумеюць, што сапраўды свет не такі просты, як яны думалі, што свет не проста чорны і белы, а часам можа быць і наадварот, што рэальнасць неадназначная, яна канфліктная і што тыя схемы інтэрпрэтацыі, якімі яны меркавалі, недакладныя”.

Еўрарадыё: Чаму вы не знялі свой скандальны допіс?

Таццяна Елавая: “Я не бачу сэнсу ў гэтым. Ад таго, што я здыму яго, праўда не знікне! Яна застанецца!”

Еўрарадыё: Аднак цяпер у рунэце шмат хто адэкватным адказам на ваш пост лічыць увядзенне цэнзуры.

Таццяна Елавая: “Цэнзура патрэбная і рабам, і людзям, якія не могуць самі вырашыць, што яны хочуць глядзець, па якіх спасылках яны хочуць клікаць. Свабодныя людзі выбіраюць гэта самі. Свабода ў ЖЖ — гэта натуральна! Бо інтэрнэт сёння — ледзь не адзінае месца, дзе мы хаця б неяк можам быць свабоднымі, можам глядзець тое, што хочам. Тэлебачанне, газеты і радыё падкантрольныя ўраду, а інтэрнэт — яшчэ больш-менш такое поле свабоды...”.



Еўрарадыё: Ваш допіс можа патрапіць людзям, якія не хацелі б яго чытаць, праз фрэндстужку ці праз cross-пасты... Тут цэнзура не з палітычнага аспекту, а для захавання нерваў

Таццяна Елавая: “Пра нервы мусяць клапаціцца дактары альбо валяр’янка. А людзі самі могуць выбіраць, клікаць ім менавіта “play” ці не клікаць. Па маім разуменні, па назве майго допісу і па каментары да яго можна здагадацца, што там змешчаны за кантэнт”.

Еўрарадыё: Ці згодныя вы, што такія трэш-метады прыцягнення ўвагі правакуюць людзей найхутчэй не на рэфлексію, а на абарону сваіх трывалых прынцыпаў і пазіцый, якімі б яны не былі, то бок на негатыўную і непрадуктыўную рэакцыю?

Таццяна Елавая:
“Людзі, якія ўмеюць думаць самастойна, усё зразумелі. Яны паказалі гэта адэкватнымі каментарамі ў ЖЖ, прыватнымі паведамленнямі, пастамі ў сваіх дзённіках. А людзі, які прызвычаіліся слухаць гаспадароў, напісалі тое, што яны хацелі. Безумоўна, мне вельмі шкада і гэтых салдатаў, і іх родных. Але гэта такая рэальнасць, і трэба глядзець у корань праблемы, як казаў Казьма Пруткоў. Прычына такога гвалту, прычына канфлікту — гэта не тыя чачэнцы, якія некалькі пакаленняў толькі і думаюць пра вайну, а расіяне, крамлёўская ўлада. Яна правакуе канфлікты”.



Еўрарадыё: Ваша акцыя прынесла вам новых фрэндаў? Я чытаў у вас пра 10 новых чытачоў. Гэта няшмат для 38 старонак каментаў!


Таццяна Елавая: “Дадалося новых фрэндаў недзе 20 чалавек. Прычым, з іх чалавек 8 — неадэкватных, астатнія — звычайныя “пуціноіды”, якім проста карціць паглядзець, што будзе далей”.

Еўрарадыё: То бок, некаторыя з вашых новых фрэндаў — гэта вашы ідэйныя праціўнікі?

Таццяна Елавая: “Так, менавіта. Напэўна, хочуць кожны дзень бачыць у сваіх фрэнд-стужках свежыя навіны, каб заўжды мець магчымасць аператыўна рэагаваць на... як яны кажуць... захады “аранжыстаў” супраць іх улады”.

Еўрарадыё: Калі б гэта было відэа, у якім хто заўгодна рэжа беларускіх АМАПаўцаў, вы б запосцілі яго?

Таццяна Елавая: “Я думаю, што трэба было б перадусім паспрабаваць прадаць гэтае відэа якому-небудзь каналу, CNN ці BBC… Гэта, вядома ж, жарт!

Я думаю, што ад праўды не трэба хавацца. Ад таго, што хто-небудзь не паставіць якое-небудзь відэа, факт у рэальнасці не растварыцца. Калі людзі хочуць ведаць інфармацыю, інтэрнэт — гэта акурат такое месца, якое дае яе, і дае інфармацыю эксклюзіўную”.



Еўрарадыё: Вы разумееце, што цяпер вам вельмі складана будзе прыязджаць у Расію?


Таццяна Елавая: “Магу сказаць адразу, нічым добрым яшчэ ніводная мая паездка ў Расію не скончылася. Апошнім разам я ўвогуле патрапіла ў пастарунак, дзе мяне дапытвалі афіцэры ФСБ. Так што жадання вандраваць па Расіі не ўзнікае. Па-другое, пакуль што я знаходжуся ў крымінальным вышуку ў Беларусі. А з 14 жніўня мінулага года я па нейкіх дзіўных прычынах была абвешчаная ў федэральны вышук у Расіі і таксама па ўсім СНД. Таму расіяне яшчэ не хутка пабачаць мяне.

Еўрарадыё: Сёння вы б напісалі яшчэ раз такі пост?

Таццяна Елавая: “Я не расчаравалася. Фактычна, я раблю гэта ўсё сваё жыццё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі