Жыхары першага паверха будуць плаціць за ліфт?

Жыхары першага паверха будуць плаціць за ліфт?

Чарговую галаваломку на тэму аплаты камунальных паслуг падкінулі беларусам чыноўнікі — хто і колькі будзе плаціць за ліфт. Прычым разабрацца ў новаўвядзенні пакуль не могуць нават спецыялісты, што падлічваюць нам камуналку.

Раней усё было проста. Чытаем адпаведны артыкул: “Плата за карыстанне ліфтам уносіцца плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг, што пражываюць на паверсе, дзе размешчаная другая пляцоўка спынення ліфта, і вышэй зыходзячы з колькасці зарэгістраваных па месцы жыхарства людзей, за выключэннем дзяцей да 1 года”. Усё проста — хто едзе, той і плаціць. Цяпер жа крытэраў таго, каму плаціць, а каму не, і колькі плаціць, ажно два: у жыроўку запішуць аплату за тэхнічнае абслугоўванне ліфта і за электрычнасць, скарыстаную ліфтам падчас працы.

Змена ў аплаце ліфта прапісаная ва ўказе №335 “Аб прадстаўленні жыллёва-камунальных паслуг”. Пасля яго прачытання асабіста ў мяне ўзнікла два галоўныя ліфтавыя пытанні: у тэксце нічога не сказана пра тое, ці вызваляюцца ад аплаты ліфта жыхары першага паверха.

Званю з гэтым пытаннем у адзін са сталічных разліковых цэнтраў. Але і там пакуль дакладнай інфармацыі на гэты конт… не маюць.

Разліковы цэнтр: “Мы пачыталі, азнаёміліся — усё. Нам яшчэ не перадавалі дакументы, каб, да прыкладу, налічваць гэтым людзям і людзям, якія на другім паверсе. Мы не ведаем, як “разбіўка” будзе адбывацца, у нас яшчэ звестак няма”.

Тым не менш выказвае сваё асабістае меркаванне: калі за карыстанне ліфтам (электрычнасць) жыльцы кватэр на першых паверхах плаціць не будуць, то ад аплаты “тэхнічнага абслугоўвання ліфта” іх хутчэй за ўсё не вызваляць!

Дарэчы, у гэтым відзе аплаты схаваная непрыемная навіна для ўладальнікаў кватэр вялікага метражу. Бо разлік аплаты ідзе не ў залежнасці ад прапісаных у кватэры людзей, а ад метраў — з 1 студзеня 2016 года тарыф тэхабслугоўвання ліфта складае 617 рублёў на квадратны метр агульнай жылой плошчы памяшкання. Такім чынам, жыхары 3-пакаёвай кватэры плошчай 100 квадратных метраў будуць на тэхабслугоўванне ліфта штомесяц выдаткоўваць 61 тысячу 700 рублёў, а “двушкі” на 50 квадратаў — 30 тысяч 850 рублёў. І няважна, што ў вялікай кватэры прапісана і карыстаецца ліфтам 3 чалавекі, а ў малой — 7 чалавек, да прыкладу.

Але пакуль пра ўдзел у аплаце тэхабслугоўвання ліфтаў жыхароў кватэр на першых паверхах. Можа, “уладальнікі” ліфтаў будуць гэта ведаць? Не, расчароўвае мяне намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і эканоміцы “Ліфтсэрвіса” Тамара Кухарчык.

Тамара Кухарчык: “На сёння, шчыра вам скажу, я не ведаю. Праўда, Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка, падаючы мне плошчу для разліку кошту, першыя паверхі выключыла”.

Пакуль выключыла. Што будзе далей, сёння ніхто сказаць не бярэцца. Тым не менш сама Тамара Кухарчык лічыць, што плаціць і першыя паверхі павінныя. Маўляў, калі яна, жывучы на 4 паверсе 9-павярховага дома, выдаткоўвае  грошы на рамон даху, то чаму жыхары першых паверхаў не павінныя ўдзельнічаць у тэхабслугоўванні ліфта?

"Ліфтавае" пытанне другое: ці сумленна налічваць суму ў залежнасці ад метражу, а не колькасці людзей у кватэры?

Супрацоўніцу разліковага цэнтра маё пытанне нават смяшыць.

“Вы зразумейце — у нас усё несумленна! Што я вам яшчэ скажу? Усе мы ў гэтай краіне жывём...”

Іншае меркаванне на гэты конт у супрацоўніцы “Ліфтсэрвіса”.

Тамара Кухарчык: “Тэхнічнае абслугоўванне — гэта адно, а сілавая энергія ліфтаў — гэта іншы артыкул затрат. І там, дзе жыве 5 чалавек, аплата будзе размяркоўвацца прапарцыянальна колькасці жыхароў”.

І нават ідзе далей у развагах наконт дасягнення справядлівасці ў пытанні аплаты ліфтаў.

“Ёсць толькі адзін спосаб — калі кожны будзе плаціць за сябе. Ставіць нешта накшталт турнікетаў, калі плата канкрэтная: ты купляеш картку як праязны, ставіш валідатар. Ты заплаціў — ты паехаў. Але і тут немагчыма будзе дамагчыся справядлівасці. Бо як разлічваць — па вазе? Чалавек маленькі праедзе, які важыць 50 кілаграмаў, а ў іншага 150 кілаграмаў. Ён што, павінен плаціць за траіх? Усё адно пытанні — з якога боку ні падыходзь”.

Як даведалася Еўрарадыё, днямі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе спецыяльны семінар, дзе будуць тлумачыць, як разумець дзіўны прэзідэнцкі ўказ.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі