Жыхары Марсэля просяць Бэтмена абараніць іх ад злачыннасці

“Як вырашыць такую праблему, як Марсэль?” — задаецца пытаннем The Local. Рэч у тым, што горад проста захлынула хваля вулічнага гвалту. Транзітам праз партовы горад праходзяць наркотыкі з Афрыкі ў іншыя еўрапейскія гарады. Таму і не дзіўна, што тут вельмі часта здараюцца разборкі сярод бандаў: сёлета, напрыклад, былі забітыя 13 чалавек. Пасля чарговага забойства пасыпаліся і абяцанні ад палітыкаў.

“Урад з рашучасцю бярэ абавязак знізіць гвалт, правапарушэнні і злачыннасць у Марсэлі”, — паабяцаў прэм’ер-міністр Жан-Марк Эро, які спецыяльна прыехаў у горад разам з пяццю міністрамі.

Міністр унутраных спраў Мануэль Вальс загадаў накіраваць у другі па велічыні горад Францыі 80 дадатковых паліцэйскіх, якія будуць патруляваць вуліцы. Таксама туды паедуць 24 дэтэктывы, што будуць займацца незаконным абаротам наркотыкаў.

Сацыёлаг і пісьменніца Веранік ле Гуазью, эксперт па злачыннасці ў французскіх гарадах, лічыць такія меры памылковымі. На яе думку, трэба рабіць стаўку на мясцовых супрацоўнікаў паліцыі, якіх тут усе лепш ведаюць. Веранік ле Гуазью тлумачыць, чаму ўлады не хочуць пашыраць штат мясцовай паліцыі.

Веранік ле Гуазью: “Гэта нармальна, што з павелічэннем колькасці супрацоўнікаў будзе ўзрастаць і ўзровень злачыннасці, бо паліцэйскія будуць спыняць, а таксама рапартаваць аб большай колькасці злачынстваў. Але ў Францыі лічбы вельмі палітызаваныя. А палітыкі ведаюць, наколькі французскае насельніцтва адчувальнае да пытання бяспекі”.

Чарговая сустрэча міністраў не здзівіла і саміх марсэльцаў. Нічога новага яны не пачулі. Яны запусцілі петыцыю, каб звярнуцца да… Бэтмэна, спадзеючыся, што ён іх абароніць.

“Заўсёды тое ж самае: калі палітыкам выгадна, яны раптам становяцца занепакоенымі. Пасля палова з іх вернецца ў Парыж, другая палова пра ўсё забудзе. Нам абяцаюць больш паліцыі, нават прапануюць адправіць войска. Наступным разам яны пачнуць гаварыць аб выкліку Бэтмена”, — кажа адзін з жыхароў, якія ініцыявалі петыцыю.

Цікава, ці распачнуць пасля такой акцыі ўлады Марсэля альбо палітыкі з Парыжа сапраўдную вайну з вулічным гвалтам, якая задаволіць марсэльцаў?

Варта дадаць, што сёлета Марсэль з’яўляецца культурнай сталіцай Еўропы. Мясцовыя чыноўнікі разглядаюць “культурны статус” як спосаб палепшыць імідж горада, які калісьці “быў скрыжаваннем міжземнаморскай цывілізацыі”, а цяпер лічыцца адным з самых смяротных у Еўропе. 

Фота: wdr5.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі