Жыхары Бялынічаў — супраць будаўніцтва крамы на былых каталіцкіх могілках

Жыхары Бялынічаў накіравалі зварот у мясцовы райвыканкам. Яны выказалі нязгоду з будаўніцтвам крамы мясцовага райспажыўтаварыства на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак. Пад зваротам паставілі свае подпісы 117 жыхароў Бялыніцкага раёна, адзначае праваабарончы сайт "Вясна".

Ініцыятарам збору подпісаў пад зваротам у райвыканкам стаў ураджэнец Бялынічаў Вячаслаў Грыбайла. Па яго словах, многія жыхары гарадскога пасёлка былі проста абураныя, што мясцовы райвыканкам дазволіў пачаць будаўніцтва вялікай крамы на месцы былых каталіцкіх могілак. Асаблівае абурэнне ў жыхароў выклікала тое, што падрыхтоўчыя працы да будаўніцтва пачаліся без усялякага грамадскага абмеркавання.

Як кажа Грыбайла, вольнай зямлі ў Бялынічах хапае. А вось помнікаў гісторыі і культуры амаль не засталося. У свой час у мястэчку існаваў вельмі прыгожы і велічны кляштар кармелітаў, знішчаны ў пасляваенны час.

Цяпер будаўніцтва крамы на тэрыторыі былых каталіцкіх могілак у Бялынічах часова прыпыненае. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, бялыніцкія ўлады хочуць атрымаць высновы гісторыкаў, ці ўяўляе гэта месца нейкую гістарычную каштоўнасць.

Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі