Жыхар Віцебска падаў скаргу ў ААН з прычыны свайго арышту

Жыхар Віцебска Пётр Берлінаў, які адсядзеў трое сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Нагодай для адміністрацыйнага пакарання стаў удзел мужчыны ў групавым здымку. Суддзя суда Чыгуначнага раёна Віцебска Алена Цыганкова палічыла фатаграфаванне масавым мерапрыемствам, і трое сутак Пётр Берлінаў правёў за кратамі, акрамя гэтага з яго быў спагнаны штраф.

Фотасесія “з птушкамі і клеткамі”, калі людзі паўтарылі вобраз з графіці невядомага мастака на сцяне віцебскага будынка, дагэтуль памятаюць жыхары горада. Шмат хто быў абураны тым, што за фотаздымкі на фоне графіці, выкладзеныя ў інтэрнэце, удзельнікаў пакаралі, расказвае Пётр Берлінаў:

“Чалавек сфатаграфаваўся з галубамі ў руках, з людзьмі, якія знаходзіліся на вуліцы, у баку ад якіх-небудзь зборышчаў, ад урадавых будынкаў, ад плошчаў. Мірна фатаграфаваліся людзі, трымалі ў руках зробленых з паперы галубоў”.

Праваабаронца Пётр Іваноў кажа, што Берлінаў трапіў на акцыю выпадкова, ён прыйшоў да журналістаў, каб дапамагчы асвятліць яго праблему з жылым домам, працягвае Пётр Іваноў:

“Ён там больш-менш выпадкова аказаўся, ён прасіў журналістаў асвятліць яго праблему. У гэты час праводзілася фатаграфаванне на фоне клетак, там галубоў выпускалі папяровых, бяскрыўднае мерапрыемства, ён узяў у ім удзел. Судом Пятра Берлінава аштрафавалі на паўтара мільёна рублёў. Гэта дадаткова да тых трох сутак, калі яго затрымалі за ўдзел у акцыі і ён адсядзеў трое сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта незаконны арышт”.

На думку спадара Берлінава, судовае рашэнне было несправядлівым. Усе ўдзельнікі акцыі былі пакараныя штрафамі. А ён за тое ж самае быў пакараны і штрафам, і адміністрацыйным арыштам.

Пётр Берлінаў лічыць, што ён ніякім чынам не парушыў правы і свабоды іншых людзей, а таксама не рабіў нічога амаральнага. Ён просіць Камітэт па правах чалавека прыняць яго скаргу да разгляду. Ён сцвярджае, што Беларусь парушыла Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, і просіць суд прызнаць вінаватай дзяржаву, якая павінная аднавіць яго правы і выплаціць яму грашовую кампенсацыю.

Шанец на перамогу ў гэтай справе ў Берлінава ёсць, лічыць праваабаронца Пётр Іваноў.

“Гэта комплекс парушэнняў: часткова парушаны артыкул аб свабодзе асацыяцый, сходаў, выказвання сваёй думкі, а другая частка, па якой можна падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека, выказаная ў нагляднай скарзе ў Вярхоўны суд, скарзе старшыні абласнога суда. Але яны не адрэагавалі”.

Пётр Берлінаў прайшоў ужо ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і зараз будзе чакаць разгляду сваёй скаргі ў Камітэце па правах чалавека.

Фота: nn.by

Cпецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі