Журналістка: Чаму тут вучыцца? Хіба што абараняць свае правы

11115 Zajko s.mp3

Еўрарадыё: Наста, цябе размеркавалі ў “Кобрынскі веснік ”, ты мусіла супрацоўнічаць з рэдакцыяй у якасці журналіста, але атрымалася інакш. Распавядзі, калі ласка, як?

Наста Занько: Атрымалася досыць дзіўна. Учора мяне выклікаў рэдактар і запытаўся: “Скажыце, дзяўчаты, вы патрыёткі?” Я адразу падумала што нешта нядобрае, сказала: “Дапусцім”. І пасля гэтага была хуткая тырада: “Заўтра ў 8.30 трэба быць у працоўным адзенні, з кошыкам і ехаць на бульбу”. На што я адказала, што гэта не ўваходзіць у мае абавязкі. А рэдактар сказаў, што такі загад. На бульбу я ў выніку не паехала, за што мне крыху папала. Вось такая ў нас гісторыя.

Еўрарадыё: Наста, а калі б ты адказала, што ты не патрыётка? Ты ўжо думала, як маглі разгарнуцца падзеі?

Наста Занько: Я думаю, было б тое самае. Насамрэч гэта маніпуляцыя, якую прымяняюць у нас пастаянна, і гэта ўсё была проста зачэпка, таму што трэба было адправіць дваіх чалавек з рэдакцыі. Прычым, менавіта чамусьці маладых. Я думаю, такая была пазіцыя, што маладыя - значыцца павінны.

Еўрарадыё: Больш бульбы збяруць?

Наста Занько: Увогуле, у раёне паехала трыста чалавек. Такая практыка існуе даўно. Штогод “адстаюшчым калхозам” дапамагаюць. Адмовіцца можна – толькі людзі баяцца. Не выдаецца ніякага пісьмовага загаду. Калі ёсць пісьмовы загад - ужо можна ісці скардзіцца. Па сутнасці, кіраўнікі не могуць даць нават вымову. Людзі проста не ведаюць гэтага, баяцца канфлікту з кіраўніцтвам і ідуць.

Я адмовілася – мне нічога не зрабілі. Вымову не далі, і я думаю, не дадуць. І нават справа не ў тым, што я малады спецыяліст, а ў тым, што гэта дакументальна не зацверджана. Як пацвердзіць дакументам, што я не выконваю абавязкі? У выпадку, калі я на працы прысутнічаю, калі я здаю матэрыялы ў тэрмін? Людзі, якія могуць сябе абараніць, бачныя адразу, і з імі не хочуць звязвацца. Вось і усе.

Еўрарадыё: То бок ты на бульбу не паехала і, можна сказаць, што гісторыя скончаная?

Наста Занько: Больш наўрад ці штосьці будзе, бо я пракансультавалася з інспекцыяй па працы і мне сказалі, што ёсць поўны кодэкс службовых абавязкаў па кожнай прафесіі, дзе я магу знайсці сваю прафесію. А мая прафесія – журналіст. Няма такога абавязку ездзіць ў калгас і перабіраць бульбу. На гэта я і арыентуюся. Я не парушаю заканадаўства. Могуць, вядома, прымяніць рэчы кшталту “ты план не выконваеш”, але я абароненая. Я малады спецыяліст, таму што я нібыта вучуся. Хаця чаму тут вучыцца? Хіба што абараняць свае правы.

Еўрарадыё: А калі б табе сказалі паехаць па грыбы?

Наста Занько: Мяне абурыў сам факт таго, што я павінна марнаваць свой працоўны час на тое, каб дапамагаць людзям, якія фактычна не выконваюць сваю працу. Я не разумею, па якой прычыне не вядзецца аналіз, чаму менавіта гэты калгас не паспявае. Яны ж не паспяваюць не таму, што надвор’е, снег заваліў ці нешта яшчэ, правільна? Яны не паспяваюць сістэматычна, таму што няправільна наладжаная праца. Калі фермер не паспявае, няўжо райвыканкам едзе яму дапамагаць? А калгасы заўжды ведаюць, што ім дапамогуць, што адміністрацыйны рэсурс ім дапаможа. Таму яны не працуюць. Псіхалагічна гэта бачна.

Ніякаму індывідуальнаму прадпрымальніку ніколі ніхто не дапамагаў. Прыватныя прадпрыемствы развальваюцца, калі нешта няправільна зроблена. Але ніхто не робіць нейкія камсамольскія атрады і не едзе дапамагаць гэтаму прадпрыемству – я такога не бачыла. А ў дзяржаўных прадпрыемствах я гэта бачу. І сум выклікае тое, што людзі проста неадказна ставяцца да сваёй працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі