Вы тут

Журналістаў выклікаюць у Следчы камітэт па "справе 14 ліпеня"

Журналістаў Еўрарадыё затрымалі 14 ліпеня ў жывым эфіры

Журналістаў недзяржаўных СМІ выклікаюць у Следчы камітэт па "справе 14 ліпеня". Позву з'явіцца 6 жніўня ва ўпраўленне СК РБ па горадзе Мінску атрымаў карэспандэнт Еўрарадыё Міхаіл Ільін.

14 ліпеня ён і яго калега Арцём Маёраў былі затрыманыя ў жывым эфіры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзенні. Еўрарадыё вядома яшчэ як мінімум пра аднаго журналіста, які быў затрыманы 14 ліпеня і якога таксама выклікаюць у СК.

Следчая, якая выклікае Ільіна, па тэлефоне пацвердзіла яму, што выклік звязаны з акцыямі пратэсту 14 ліпеня.

— У сувязі з падзеямі, што адбываліся 14.07 у Мінску, у нас заведзена крымінальная справа па факце арганізацыі і правядзення масавых беспарадкаў. І вы будзеце дапытаныя ў якасці сведкі, бо знаходзіліся там у той момант.

— Але я быў затрыманы на 13-й хвіліне стрыму і наўрад ці змагу быць вам карысны.

— Вось пра гэта і раскажыце. Мы ўсіх дапытвалі.

На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 14 ліпеня не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, якія набралі больш за ўсё подпісаў у сваю падтрымку. Увечары ў розных гарадах Беларусі адбыліся мірныя вулічныя акцыі нязгоды з гэтым рашэннем ЦВК. Міліцыя затрымала ад 250 да 300 чалавек, найбольшая колькасць — у Мінску. Сярод затрыманых былі паўтара дзясятка журналістаў, якіх праз тры гадзіны адпусцілі з РУУС.

Затрыманні праходзілі жорстка, што выклікала сілавую рэакцыю мінчукоў у адказ. Паводле фактаў сутыкненняў з міліцыяй Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Яго ўдзельнікаў падазраюць у арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). У дачыненні да чатырох падазраваных распачалі таксама крымінальныя справы паводле арт. 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў) і арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Паведамлялася, што траўмы атрымалі шэсць амапаўцаў, чацвёра з іх былі шпіталізаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.