Вы тут

Журналіста, якога жорстка затрымалі ў Ганцавічах, аштрафавалі на 810 рублёў

Аляксандр Пазняк / Intex-press

У Баранавічах 22 чэрвеня прайшлі суды над журналістамівыдання "Ганцавіцкі час" Аляксандрам Пазняком і Сяргеем Багровым. Іх жорстка затрымалі ў суботу, 21 чэрвеня, калі яны асвятлялі "ланцуг салідарнасці" ў Ганцавічах.

На журналістаў склалі пратаколы за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі і парушэнне правілаў арганізацыі масавага мерапрыемства. 

На судзе Аляксандр Пазняк заявіў, што як супрацоўнік зарэгістраванага СМІ асвятляў акцыю салідарнасці ў Ганцавічах. Ён не прызнаў сябе вінаватым, заявіў, што ў акцыі не ўдзельнічаў, выконваў журналісцкую працу. Пазняк паведаміў, што міліцыі не супраціўляўся, але пры затрыманні яго моцна збілі. На судзе ён быў з сіняком пад вокам. 

Намеснік начальніка Ганцавіцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце Максім Лук'янчык паведаміў у судзе прычыну затрымання журналістаў. 

"Пазняк з калегам ажыццяўлялі здымкі, і Пазняк даваў каментар, аналізаваў колькасць грамадзян, пастаянна ўмешваліся ў дзейнасць супрацоўнікаў. Не хацелі здымаць здалёк. Мы вымушаныя былі прымяніць меры фізічнага ўздзеяння", — цытуе яго словы прэс-служба БАЖ.

Суддзя прызнала Пазняка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню міліцыі. Яго аштрафавалі на 810 рублёў, або 30 базавых велічыняў — па 15 базавых за кожны артыкул.

Сяргея Багрова асудзілі на 15 сутак арышту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.