“Жаночы Кантэкст” Сяргея Грыневіча

Праект “Жаночы кантэкст” – гэта серыя алейных карцін, якія разважаюць над сутнасцю сучасных жаночых вобразаў. Вось, мы бачым жанчыну, якая фарбуе вусны, і яе не гатовы мейк-ап прыкрыты пікселямі і надпісам “loading”, нібыта вобраз вось-вось загрузіцца. Такія ж пікселі сарамліва прыкрываюць фрагменты целаў поп-артавых Адама і Евы. Трыпціх партрэтаў адной і той жа жанчыны нагадвае, што сучаснасць стасуецца з намі моваю айфонаў і шаблонных смс. Увогуле, уся экспазіцыя “Жаночы кантэкст”- гэта спроба аўтара разгледзець сучасныя ўяўленні аб прыгажосці і даць параду жанчынам мовай жывапісу.

Я ўсё ж такі прапаную жанчыне не ісці за моднымі тэндэнцыямі, а вярнуцца да вытокаў. Не ў сэнсе “вярнуцца на кухню”, а вярнуцца да рэальнага жыцця, а не створанага і ўяўнага”, – кажа мастак, а потым прызнаецца, што і сам з’яўляецца прыхільнікам вобразаў. Свайму любімаму вобразу Пэпі Доўгай Панчосе, Сяргей Грыневіч прысвяціў два палотны.

Гэта выстава дэманструе сучасную тэндэнцыю жывапісу і стаіць побач з кітчам. Я ўпэўнены, што гэта добра прадаецца, але, як мне падаецца, да мастацтва гэта не мае ніякага дачынення,– кажа малады мастак Сяргей Шабохін.

Грыневіч зусім нядаўна стаў займацца такім жывапісам. Ён перамог традыцыйную салонную творчасць і выйшаў на ўзровень пошукаў. Сёння тут прадстаўлены жывапіс, у які ўстаўлены формы дыгітальнага мастацтва. Усё гэта выглядае як гвалт над жывапісам, над уяўленнямі пра прыгажосць, і стаіць на мяжы з плакатам. На маю думку, такое мастацтва вельмі распаўсюджанае”.

Падчас адкрыцця выставы настрой публікі быў сумнавата-спакойны і ўзнёслымі выглядалі менавіта жанчыны. Магчыма таму, што яны сталі галоўнай тэмай праекту.

Тут паўсюль сумныя твары. Засмучаныя. Самотныя. Як і наведвальнікі выставы. Ніхто не ўсміхаецца, ніхто не радуецца. Грае жаласная музыка…” – кажа малады мужчына.

У гэтай выставе ёсць нейкае пачуццё. Хочацца пастаяць, паназіраць, паразважаць пра яе”, - прызнаецца дзяўчына і рушыць да наступнай карціны.

З пытаннем, якое ўражанне экспазіцыя выклікае ў прафесіяналаў, я звярнулася да вядомага сучаснага скульптара Канстанціна Селіханава:

У сэнсе тэхнічнага выканання, усё тут даволі нядрэнна. Але нам прадстаўленая такая тэма, якая плавае на паверхні.Хацелася б большай глыбіні. Тут я гэтага не заўважаю і назіраю толькі адзін прыём, які проста тыражуецца, і з гэтага робіцца цэлая выстава.


Вядома, тут ёсць асобная публіка, якой гэта выстава абавязкова спадабаецца! Аднак мне падаецца, што мастак ў дадзеным выпадку заўсёды крыху не паспявае за асноўным рухам мастацтва, спазняецца”.

Гэта абсалютны кітч па-форме і па-сутнасці, і гэта не погляд з боку, а знутры. Гэта погляд носьбіта культуры. Чамусьці мне падаецца, што, калі б гэта было створана ў 50-я гады ў ЗША, то, магчыма, гэта было б рэвалюцыйна”, – дзеліцца сваім адчуваннем праекту госця адкрыцця.

Такое мастацтва, я ўпэўнены, з рукамі і нагамі адрываюць галерэі на арт-кірмашах пост-савецкай прасторы”, – дадае Сяргей Шабохін.

Дарэчы, тэрмін “кітч” фігураваў у абмеркаваннях экспазіцыі даволі часта. Але сам аўтар не згодны з такой інтэрпрэтацыяй:

Думаю, ўсё ж такі гэта пост-постмадэрнізм. Новага вялікага стылю мастакі яшчэ не вынайшлі. Ды і я не лічу сябе такім ужо актуальным мастаком. Я проста хачу раўняцца на сучасныя тэндэнцыі”.

Самай папулярнай карцінай адкрыцця стала работа пад назвай “4”. З адным госцем імпрэзы мы разгледзелі на ёй і фалалогацэнтрызм, і эратызм, і пытанні гендэрнай праблематыкі, але аўтар параіў нам так глыбока не аналізаваць і прапанаваў сваю канцэпцыю “Чацвёркі”:

У мяне быў дэпрэсіўны тыдзень (пасля 19 снежня – заўв.рэд.) і нарадзілася гэта карціна. “4” азначае чацвёрты раўнд (чацвёрты срок прэзідэнта – заўв. рэд), які можа адбывацца толькі ў прафесійным боксе. Аматарскі бокс мае толькі тры раўнды. А ў прафесійным бывае нават па пятнаццаць, гэта ўжо, як дамовяцца…

Выстава Сяргея Грыневiча працягнецца да 14 сакавіка ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў".

Фота: Яўгенія Бельковіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі