Здановіч:”Аўтар мае права карыстацца любым правапісам”

Пасля прыняцця Закону “Аб правілах арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы” творы беларускіх класікаў перакладаць не збіраюцца, аднак за пераклад на “тарашкевіцу” выказванняў будуць штрафаваць. Камісія па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Беларусі абмеркавала праект закона “Аб правiлах беларускай арфаграфii і пунктуацыi”. Еўрарадыё высветліла, што ў выпадку прыняцця такога закону, сродкі масавай інфармацыі будуць штрафавацца за пераклад выказванняў Лукашэнкі ці іншых афіцыйных асоб на тарашкевіцу.

Уладзімір Здановіч
, старшыня камісіі па адукацыі, патлумачыў Еўрапейскаму радыё, што аўтары могуць выкарыстоўваць пры напісанні сваіх твораў любы правапіс. Але за каментары чыноўнікаў, перакладзеныя на “тарашкевіцу”, трэба будзе несці адміністрацыйную адказнасць. Са слоў спадара Здановіча, беларускіх пісьменнікаў, якія пісалі ці пішуць на “тарашкевіцы”, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі і Уладзімер Арлоў, а таксасма асобныя творы (Васіль Быкаў “Доўгая дарога дадому”) перакладаць ніхто не збіраецца:

“Асобныя аўтары маюць права карыстацца любым правапісам. Галоўнае, каб былі людзі, якія будуць гэта чытаць. У гэтым законе не прадугледжана ніякіх мераў пакаранняў. Усе нормы наконт нейкіх пакаранняў будуць прапісаны ў іншых дакументах, напрыклад, у Адміністрацыйным кодэксе”.

Атрымліваецца, што ўсё ж такі за ўжыванне правапіса, распрацаваным Браніславам Тарашкевічам на пачатку ХХ стагоддзя, пакаранні ўсё ж такі будуць. Аднак дэпутат Здановіч не здолеў адказаць на пытанне, якія будуць памеры штрафаў і калі будуць унесеныя змены ў Адміністрацыйны кодэкс.

Першая беларуская газета “Наша Ніва”, якая на працягу ўсяго свайго існавання ўжывае менавіта “тарашкевіцу”, дапускае магчымасць змены правапісу на сваіх старонках. Па словах галоўнага рэдактара Андрэя Скурко, усё вырашыць рэдакцыйная калегія:

“Сама па сабе правапісная рэформа мае права на існаванне. Але зараз яе спрабуюць пераўтварыць у нейкі рэпрэсіўны механізм. На маю думку, гэта абсалютна неправільна. Адное, што зазначу, так гэта што “Наша Ніва”, незалежна ад правапісу, якім мы будзем карыстацца, сваёй пазіцыі не зменіць”.

Часопіс “Роднае слова”, якім карыстаюцца амаль усе беларускія настаўнікі, у выпадку прыняцця закона будзе друкаваць матэрыялы выключна згодна з заканадаўствам:

“Каб не было ў галовах вучняў розначытанняў. Што ў вашым часопісе адное, а ў слоўніках іншае. А такія нараканні ўжо былі. Таму мы будзем пісаць так, як будзе ўзаконена”.

Яшчэ адзін цікавы момант у праекце закона – упарадкаванне правапісу вялікіх літар адносна назваў пасадаў афіцыйных асобаў. Так, у адных сродках масавай інфармацыі слова “прэзідэнт” пішуць з вялікай літары, у другіх – з маленькай. Узнікае пытанне, як тады трэба пісаць словы “міністр” і “дэпутат” і “дырэктар”? Дэпутат Здановіч таксама пакуль не ведае, дзе пройдзе гэтая мяжа:

“Ці, напрыклад, усе наогул пасады пісаць з вялікай літары, як гэта робіцца ў ангельскай мове. Але і лічу, што калі Нацыянальнага з вялікай, то сходу – з маленькай. Міністр – калі з павагай адносяцца да пасады міністра у краіне, то было б добра пісаць з вялікай”.

Закон, як звычайна бывае ў нашай краіне, будзе прыняты. У хуткім часе пасля гэтага прапішуць і адказнасць за “няправільнае” ўжыванне беларускай мовы.

Паэт Генадзь Бураўкін упэўнены, што пытаннямі правапісу павінны займацца адмыслоўцы, а не дэпутаты, якія і самі не ведаюць, на якой мове размаўляюць. Да таго ж размова ідзе пра нацыянальную каштоўнасць:

“Па-першае, трэба выратаваць мову з таго стану, у які яе загналі. А толькі потым наводзіць парадкі ў такіх рэчах. Тут жа ідзе гаворка пра той духоўны скарб, які дадзены нам Богам і нашымі продкамі. Пакуль так званыя прадстаўнікі, як нашыя дэпутаты, улазяць у такія пытанні, ніякай карысці не будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі