У Беларусі затрыманы старшыня прафсаюза грузаперавозчыкаў Сяргей Штода. Прычыны затрымання пакуль невядомыя, як і месца яго знаходжання. Пра гэта пішуць праваабаронцы з "Вясны".
Не выключана, што затрыманне звязанае з вайной ва Украіне. 10 сакавіка двое беларускіх дальнабойнікаў загінулі ў Корасцені — украінскім горадзе непадалёк ад мяжы з Беларуссю. У іх машыны трапілі снарады, выпушчаныя з самалётаў, што ўзляцелі з тэрыторыі Беларусі.
Ёсць у вайны ва Украіне і іншае вымярэнне, якое датычыцца беларускіх дальнабойнікаў. Іх фуры ўкраінскія мытнікі канфіскоўваюць і адпраўляюць на штрафстаянкі як маёмасць прадстаўнікоў краіны-агрэсара.
У 2015 годзе Штода арганізоўваў пратэсты дальнабойшчыкаў супраць сістэмы BelToll. Была запланаваная нават акцыя ля Дома ўраду. Але яго затрымалі незадоўга да гэтага мітынгу, які ў выніку не адбыўся.
На прэзідэнцкіх выбарах-2020 Сяргей Штода быў кіраўніком штабу Наталлі Кісель. Яна казала, што прадстаўляе інтарэсы перавозчыкаў грузаў і знялася на ранняй стадыі выбарчай кампаніі.