Вы тут

Затрыманы гісторык і выкладчык курсаў "Мова Нанова" Андрэй Колас

Гісторык Андрэй Колас / фэйсбук

27 верасня ў дом гісторыка і выкладчыка курсаў "Мова Нанова" ў Ваўкавыску Андрэя Коласа ўламілася сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі яго сябры. Фармальная нагода для візіту — праверка паляўнічай зброі. Хлопца затрымалі і пасля суда пасадзілі на 10 сутак.

"Прынялі ў РУУС, дзе ўжо была загатоўка — бяскрыўдны кліп, які Андрэй размясціў у сваіх сацсетках у 2018 годзе з маленькімі лагатыпам сайта, які прызналі экстрэмісцкім у 2021-м! — абураюцца сябры гісторыка. — Андрэя пасадзілі ў камеру з дробным зладзюжкам і бяздомным. З перадачы прынялі толькі рэчы. Ежу і кнігі развярнулі. Кожны вечар яго водзяць на допыты, на якіх з крыкам і матам прапануюць выехаць у Польшчу або сядзець усё жыццё".

Андрэй Колас / фэйсбук

Суразмоўнікі Еўрарадыё кажуць, што ў Ваўкавыску Андрэя Коласа ведаюць як "чалавека, які выпусціў з педкаледжа сотні юных патрыётаў". Ён выкладаў ім гісторыю і культуру Беларусі на роднай мове. Таксама гісторык шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам турыстычнай кампаніі, якая стварыла музей беларускай шляхты.

"Ціск на выкладчыкаў курсаў "Мова Нанова" працягваецца. Многія з каманды былі вымушаныя выехаць за мяжу. Тыя, што засталіся ў Беларусі, пакуль не працуюць. Дзень настаўніка, які сёлета адзначаецца 3 кастрычніка, наш выдатны педагог і сябар сустрэне за кратамі. Мы вельмі чакаем яго на волі", — каментуюць сітуацыю калегі Андрэя Коласа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.