Затрыманы былы дырэктар ДФР, ён працаваў у банку

Будынак "Белгазпрамбанка" ў Мінску / Еўрарадыё
Будынак "Белгазпрамбанка" ў Мінску / Еўрарадыё

У Мінску па "справе "Белгазпрамбанка" затрыманы Анатоль Грамовіч, былы дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, піша Tut.by. Ён быў банкірам.

"Так, затрыманы. У межах расследавання крымінальных справаў у дачыненні да былых і цяперашніх супрацоўнікаў "Белгазпрамбанка", — пацвердзілі журналістам партала інфармацыю ў прэс-службе КДК.

Паводле дадзеных Tut.by, Анатоль Грамовіч, які да гэтага быў намеснікам начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці, узначаліў ДФР у студзені 2002 года. Гэта здарылася пасля таго, як былы Дзяржаўны камітэт фінансавых расследаванняў страціў самастойнасць і стаў часткай Камітэта дзяржкантролю.

Грамовіч узначальваў ДФР да лістапада 2006 года. У студзені 2009 года яго і яшчэ 36 чалавек, большасць з якіх была службовымі асобамі мытні "Заходні Буг" і ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці, затрымалі. Затрыманых абвінавацілі, што яны "ў складзе злачыннай арганізацыі восенню 2001 года ажыццявілі незаконнае перамяшчэнне з выкарыстаннем падробленых дакументаў праз мытню "Заходні Буг" камп'ютарнай тэхнікі, абутку, нанёсшы шкоду дзяржаве на суму звыш 20 мільярдаў рублёў".

У 2011 года Беларускі ваенны суд прызнаў 25 абвінавачаных невінаватымі з прычыны недаказанасці ўчыненых злачынстваў. У іх ліку быў і Анатоль Грамовіч.

У 2012 годзе Грамовіч стаў членам савета дырэктараў расійскага "СтарБанка", якому ў Беларусі належаў "Інтэрпэйбанк" (раней "Крэдэксбанк"). У 2015 годзе акцыянеры прынялі рашэнне аб ліквідацыі "Інтэрпэйбанка", бо Нацбанк адклікаў у "Інтэрпэйбанка" ўсе ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.

Па "справе "Белгазпрамбанка" ў СІЗА КДБ знаходзяцца больш за 20 чалавек. Сярод іх і былы кіраўнік банка, прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка. Пакуль Бабарыка не заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях, улады не мелі вялікіх прэтэнзій да банка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі