Вы тут

Заляцець у рэк: як Лукашэнка і праваахоўнікі прыйшлі ў рускамоўны TikTok

Беларускі кантэнт у TikTok / Coda Story 

Яшчэ паўгода таму TikTok асацыяваўся выключна з забаўляльнай сацсеткай, дзе выкладваюць кароткія скетчы або слаўмо і танчаць. Але цяпер усё змянілася. Тут актыўна публікуюць відэа пра пратэсты ў Беларусі, высмейваюць Лукашэнку, высвятляюць, чый Крым, расказваюць пра фемінізм і грамадскую сітуацыю ў Расіі. У тым, як палітыка прыйшла ў рускамоўны TikTok і што там робяць праваахоўнікі, разбіралася Coda Story.

 

"Да гэтага не было ў TikTok дзядзечак паліцэйскіх, а цяпер праз мяне будуць"

 

"Я сябе цяпер такой падстаўлялай адчуваю, — кажа 31-гадовая Ціна Альтшулер з Екацярынбурга, якую прызналі вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку Хабараўска. — Да гэтага не было ў TikTok дзядзечак паліцэйскіх, а цяпер праз мяне будуць".

У Ціны 31 тысяча падпісчыкаў, для якіх яна ўжо два гады запісвае забаўляльныя ролікі пра сваё жыццё з хэштэгамі #богиня і #япротивравноправия. Але ў пачатку жніўня кантэнтам Ціны зацікавіліся праваахоўныя органы: яна запісала кароткі ролік з заклікам выйсці на гарадскую плошчу "пакарміць галубоў" — гэта значыць, устаць у адзіночныя пікеты ў падтрымку пратэстоўцаў у Хабараўску. Ролік набраў 200 тысяч праглядаў.

"У мяне ў Хабараўску жыве шмат сяброў. Яны скардзіліся, што іх не паказваюць па тэлевізары, СМІ маўчаць, а яны дамагаюцца ўсяго толькі адкрытага суда над іх губернатарам", — кажа Альтшулер. Да гэтага моманту яна ні разу не хадзіла на мітынгі і "не ведала пра Сяргея Іванавіча Фургала абсалютна нічога".

Ціна ўпэўненая, што на яе профіль паскардзіўся нейкі канкрэтны нядобразычлівец. "З палітыкай у нас усё вельмі цікава ў краіне: прасцей узяць 30-гадовую жанчыну, чым разбірацца з праблемамі", — кажа яна.

Суд прызнаў Ціну вінаватай, не маючы ў матэрыялах справы ніякіх доказаў таго, што мітынг адбыўся.

У рускамоўным топе ў хештега #политика больш за 407 мільёнаў праглядаў — гэта амаль у два разы больш, чым у тэгаў #котята або #танцытикток. Для параўнання: у ЗША тэг #politics збірае тры мільярды праглядаў, а #dance — 198 мільярдаў. У актуальнага сёння хэштэга #жывебеларусь — 160 мільёнаў праглядаў.

 

"Ёсць людзі, якія глядзяць толькі беларускае тэлебачанне і не бачаць праўды"

 

У выпадку з кантэнтам пра пратэсты ў Беларусі ў TikTok загружаюць не толькі арыгінальныя відэа, знятыя спецыяльна для гэтай сацыяльнай сеткі, але і відэа з тэлеграм-каналаў, напрыклад NEXTA. Тры мільёны праглядаў набрала відэа, як студэнткі абараняюць сваіх аднакурснікаў ад АМАПа.

Папулярныя лайфстайл-блогеры з Беларусі, якія да гэтага здымалі відэа пра сваё жыццё, таксама пачалі выкладваць ролікі пра пратэсты: 18-гадовы Улад Шудзейка (1,9 мільёна падпісчыкаў) выклаў відэа з пратэстаў са сваім удзелам, сабраўшы 130 тысяч лайкаў. Іншы папулярны кантэнт на беларускую тэматыку — скетчы, якія высмейваюць Лукашэнку. Напрыклад, блогеры ацэньваюць фразы беларускага кіраўніка, якія ён гаварыў пра пратэстоўцаў, — гэта адзін з папулярных у сацсетцы трэндаў.

У Таццяны з Мінска ў TikTok 13 тысяч падпісчыкаў. Да пратэстаў дзяўчына посціла агляды на кіно, жыццёвыя ролікі і скетчы са сваім сабакам. Пасля выбараў усё памянялася. "Спачатку нас відавочна падманулі з галасамі, а потым пачалі збіваць нашых мірных людзей. І забіваць, — расказвае Таццяна, чаму вырашыла хадзіць на пратэсты. — TikTok — гэта пляцоўка, дзе лёгка вірусіцца відэа, калі яно актуальнае. Так можна данесці тое, што адбываецца ў нашай краіне, да вялікай колькасці людзей. "Інстаграм" цяпер так не працуе". Многія беларускія і нават расійскія блогеры цяпер часцей посцяць кантэнт пра тое, што адбываецца ў Беларусі, — такія відэа цікавыя карыстальнікам, а значыць, з іх дапамогай можна хутка раскруціць акаўнт.

Васямнаццацігадовая брастаўчанка Аня таксама заўсёды была апалітычнай, але кажа, што, калі ўбачыла тое, што адбываецца ў краіне, рэзка зацікавілася палітыкай. Яна ходзіць на пратэсты і выкладвае кароткія відэа з мітынгаў, цяпер у яе блізу дзвюх тысяч падпісчыкаў. Кажа, што ёй падабаецца пра гэта расказваць. "Ёсць людзі, якія глядзяць толькі беларускае тэлебачанне і не бачаць праўды. Так я расказваю, што на самай справе адбываецца".

Таццяна дадае, што апошнім часам з'явілася шмат карыстальнікаў з процілеглым меркаваннем — гэта значыць тых, хто выступае за Лукашэнку. Часцей за ўсё, дадае блогерка, гэта пустыя акаўнты, без ніка, фатаграфіі профілю і нават без відэа. "Па лайках вельмі відаць падтрымка, — кажа яна. — Па каментарах ёсць шмат хэйту, але гэта профілі-пустышкі. Думаем, што гэта могуць быць расійскія прапагандысты. Яны ўсе топяць "за Бацьку".

Абедзве дзяўчыны кажуць, што працягнуць хадзіць на пратэсты і расказваць пра іх у TikTok. Таццяна дадае, што будзе гэтым займацца, нават калі давядзецца эміграваць. Такі варыянт яна не выключае: "Калі нічога не зменіцца, пачнецца масавая эміграцыя моладзі. Айці-кампаніі ўжо перавозяць сваіх супрацоўнікаў".

 

"Каб не адстаць"

 

Лідары расійскай апазіцыі таксама пачалі асвойваць TikTok: акаўнт завёў, напрыклад, Аляксей Навальны (246 тысяч падпісчыкаў). Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Сяргей Чэрачэнь з'явіўся ў сацсетцы падчас прэзідэнцкай кампаніі. На яго падпісана амаль 35 тысяч карыстальнікаў, а самы папулярны пост — пра грошы за канапай, апублікаваны пасля ператрусу на лецішчы блогера Сяргея Ціханоўскага, — паглядзела амаль 270 тысяч чалавек.

Расійскія чыноўнікі таксама спрабуюць зайсці ў TikTok, але атрымліваецца ў іх не вельмі, бо, упэўненыя блогеры, праўладныя паліттэхнолагі пакуль не здольныя ствараць годны кантэнт у TikTok.

Ананімная крыніца Coda з агенцтва палітычнага піяру, якое займаецца медыяаналітыкай для маскоўскай мэрыі, кажа, што TikTok пакуль выпадае з поля зроку расійскай цэнзуры — праз складанасць кантролю кантэнту. "Калі мы бачым незадаволенасць, спрабуем зрабіць контрпублікацыі або дадаць станоўчых каментароў", — расказвае чыноўнік. Але калі ў "Фэйсбуку" або "УКантакце" лёгка знайсці любы каментар, то з "Ютубам", а ўжо тым больш TikTok працаваць значна складаней.

Паводле яго слоў, для працы з негатыўным відэакантэнтам у сацсетках у агенцтве складаюць спісы палітычных блогераў і адсочваюць іх публікацыі ўручную: "Калі мы бачым, што нейкі вядомы блогер выклаў крытычны кантэнт, даводзіцца купляць пасты, якія абвяргаюць яго пазіцыю, у іншых блогераў". Але на пытанне, колькі каштуе заказная публікацыя на палітычную тэму ў TikTok, крыніца не адказала. 

TikTok і персанальныя звесткі

 

Гісторыя папулярнасці TikTok пачалася тры гады таму, калі кітайская кампанія ByteDance набыла амерыканскую платформу кароткіх відэаролікаў Musical.ly. Аб'яднаўшы карыстальнікаў з заходняга і ўсходняга паўшар'яў, кампанія стварыла сацсетку, якая дазваляе публікаваць кароткія музычныя відэа, весці жывыя эфіры і абменьвацца паведамленнямі. Унутры Кітая ў TikTok іншы брэнд — ён называецца Douyin. Тэхнічна Douyin і TikTok — гэта розныя платформы, у якіх дзейнічаюць розныя правілы цэнзуравання кантэнту. За межамі Кітая сацсетка не падпарадкоўваецца кітайскім правілам.

Але акрамя пытанняў цэнзуры, многія краіны занепакоеныя выкарыстаннем персанальных звестак карыстальнікаў. У чэрвені Еўрапейскі камітэт па абароне звестак (EDPB) вырашыў праверыць TikTok на прадмет незаконнага збору звестак карыстальнікаў. Раней TikTok правяралі ў Расіі і Паўднёвай Карэі, нядаўна да праверак далучылася Данія. Пытанні праз збор звестак былі да праграмы і ў Японіі, Турцыі, Пакістане і Інданезіі. Сёлета TikTok заблакавалі ў Індыі — а цяпер спрабуюць забараніць яго ў ЗША.

Па словах Дональда Трампа, TikTok збірае звесткі карыстальнікаў і захоўвае іх на серверах кампаніі ByteDance, што можа станавіць пагрозу нацыянальнай бяспецы. У пачатку жніўня Трамп падпісаў указ, які забараняе правядзенне любых здзелак з уладальнікам праграмы. Цяпер сацсетцы пагражае блакаванне на тэрыторыі краіны. У ЗША у TikTok больш карыстальнікаў, чым у "Фэйсбука" і "Інстаграма". Усяго ў сацсетцы ўжо каля мільярда карыстальнікаў у 150 краінах.

У Кітаі абвінавачваюць гандлёвую вайну і кажуць, што такім чынам Амерыка спрабуе ўкрасці перспектыўную кітайскую платформу. Заснавальнікі праграмы не плануюць пакідаць амерыканскі рынак. Карыстальнікі выступаюць у падтрымку TikTok, аўдыторыя "Твітэра" параўноўвае забарону сацсеткі са спрэчкай Huawei і Google, а Facebook рыхтуецца да запуску аналага TikTok на базе "Інстаграма".

Спецыялісты па кібербяспецы не першы год абвінавачваюць TikTok у незаконным зборы звестак, а праграму — ва ўразлівасцях. Напрыклад, The Wall Street Journal выявіла, што сэрвіс больш за год парушаў правілы прыватнасці Google, збіраючы ўнікальныя ідэнтыфікатары мільёнаў карыстальнікаў аперацыйнай сістэмы Android, якія прысвойваюцца кожнай прыладзе. З іх дапамогай праграма атрымала магчымасць сачыць за ўладальнікамі гаджэтаў у інтэрнэце.

Поўная версія матэрыялу апублікаваная на Coda Story. Выраблена пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.