Закон аб альтэрнатыўнай службе з'явіцца, калі будзе запатрабаванне

120515 AsieuskiS.mp3

Еўрарадыё: Якая сітуацыя ў нашай краіне? Дзе можна праходзіць альтэрнатыўную службу?

Яўген Асіеўскі: Альтэрнатыўнай службы ў Беларусі не існуе. Існуе артыкул канстытуцыі, які дазваляе праходзіць альтэрнатыўную службу, ёсць каля шасці артыкулаў у законе аб воінскім абавязку, дзе гаворыцца пра альтэрнатыўную службу. Але закону, які б распавядаў, як, дзе, пры якіх умовах хлопцы могуць прайсці альтэрнатыўную службу – няма. Наша кампанія стварылася ў свой час, каб такі закон з’явіўся. Пакуль яшчэ не надта атрымалася. Некалькі гадоў таму Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў, каб закон распрацавалі, але ж гэты ўказ ніхто не хоча выконваць.

 Еўрарадыё: А як вы нагадваеце ўладам, каб тыя выконвалі свае абяцанні?

Яўген Асіеўскі: Самы дзейсны шлях – гэта карыстацца судамі. Калі збіраецца пэўная група асобаў, якія хочуць прайсці альтэрнатыўную службу (ці то рэлігійныя людзі, ці то прадстаўнікі сексуальных меншасцяў) – гэта прыводзіць да судоў. На гэтых судах хлопцы абскарджваюць рашэнні прызыўной камісіі, ці ваенкамат абвінавачвае іх ва “ўкланенні”. Калі гэтыя суды набываюць рэзананс – тады мы можам паўплываць на падзеі. Калі ў 2010 годзе судзілі Смыка, Міхайлава і Якавенку, і суд прызнаў Смыка і Міхайлава невінаватымі, а Якавенку потым амніставалі – тады Лукашэнка заявіў, што трэба распрацаваць закон. Гэта найбольш дзейсны метад. 

Еўрарадыё: Які ўсё ж такі шанец, што гэты закон прымуць, і за які час можна такога закона чакаць?

Яўген Асіеўскі: Складана сказаць, таму што больш за два гады гэты закон распрацоўваецца. Створаная працоўная група, і яны працуюць. Мы не ведаем, як яны працуюць. Сам праект закона ёсць у інтэрнэце але толькі для прыватнага карыстання дэпутатаў, доступ да яго закрыты. На маю думку, пакуль не з’явіцца шмат прэцэдэнтаў, пакуль хлопцы масава не будуць патрабаваць альтэрнатыўнай службы – закон не з’явіцца. Калі такіх хлопцаў будзе не 5, як было раней падчас прызыву, а 50 – я ўпэўнены, што такі закона з’явіцца. На маё меркаванне, праз год можна спадзявацца, што закон будзе прыняты. Павялічваецца колькасць людзей, якія звяртаюцца да нас. На гэты прызыў, які заканчваецца праз 15 дзён, да нас было 12 заяваў. Гэта рэкорд для нашай кампаніі.

Еўрарадыё: А колькі асобаў цяпер хаваецца ад арміі?

Яўген Асіеўскі: Я ведаю толькі, колькі судоў адбываецца над такімі людзьмі. Гэта каля 200 судоў за год.

Еўрарадыё: А ці падтымліваюць мужчыны Беларусі альтэрнатыўную службу? 

Яўген Асіеўскі: Найбольшую падтрымку мы маем ад мужчын з пэўнымі рэлігійнымі перакананнямі. Па-першае, гэта сведкі Яговы, асабліва з Гомеля і Гомельскай вобласці. Таксама ёсць актывісты ЛГБТ-руху. Ёсць таксама хлопцы, якія называюць сябе пацыфістамі, якія кажуць, што, я не хачу апранаць форму, не хачу трымаць зброю ў руках. Такая наша падтрымка ў тых, хто да нас звяртаецца. Таксама, прыходзяць лісты ад звычайных хлопцаў з падзякамі за добрую справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі