За "пратэставыя настроі": з Мінлясгаса звольненая памочніца міністра

Алеся Гаркуша / Еўрарадыё
Алеся Гаркуша / Еўрарадыё

Падтрымлівае пратэставыя настроі — неафіцыйная прычына, з якой з Міністэрства лясной гаспадаркі была звольненая памочніца міністра Віталя Дрожжы Алеся Гаркуша. Дзяўчына прапрацавала ў міністэрстве амаль два гады, мае трэці клас дзяржслужачага, агульны стаж дзяржслужбы — 17 гадоў. За час працы ў міністэрстве не атрымлівала вымоў. А праблемы ў яе з'явіліся пасля выбараў, у верасні.

— Я не хачу ачарняць нікога і адбельваць. Канкрэтна за штосьці ў свой адрас я прэтэнзій не чула, але была нейкая агульная незадаволенасць, — расказвае Алеся. — Майму былому кіраўніку [міністру Віталю Дрожжу. — Еўрарадыё] было паведамлена, што "памочніца падтрымлівае пратэставыя настроі". Як там за намі глядзяць — вядома ім адным, але мяркую, што праз сацыяльныя сеткі.

Перад звальненнем шэф выказваў розныя моманты — па працы і не толькі. І адным з пунктаў было: "Дарэчы, мне сказалі, што мой памочнік падтрымлівае пратэставыя настроі. Гэта недапушчальныя рэчы на гэтай пазіцыі!" Я не магла ўзяць у толк, пра што наогул ішла размова.

За “протестные настроения”: из Минлесхоза уволена помощница министра
Міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа / lepelles.by

Алеся не хадзіла на мітынгі і не будавала барыкад. Адзіныя "пратэставыя настроі", якія яна сабе дазваляла, выяўляліся ў... падабайках і рэпостах у "Фэйсбуку".

— У сацсетках нічога такога не выкладвала. Раней я працавала ў амбасадзе Беларусі ў Швейцарыі. Мой былы шэф па Берне Павел Мацукевіч напісаў пост у "Фэйсбуку" ў сярэдзіне жніўня. Пост быў прыгожы, у меру стрыманы, і я паставіла падабайку. Уся мая пратэставая актыўнасць у сацсетках заключалася ў падабайках і рэпостах каментароў.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч у негатыўным ключы выказаўся супраць гвалту на вуліцах і неўзабаве быў звольнены з МЗС.

За “протестные настроения”: из Минлесхоза уволена помощница министра
Пост экс-амбасадара Паўла Мацукевіча / "Фэйсбук"

— Наколькі я памятаю, усе, што датычыцца мірных мітынгаў, у міністэрстве моцна асуджалася, аж да звальненняў. Гэта жорстка адсочвалася. Напрыканцы мне было сказана: "Сходзіш хоць на адну дэманстрацыю — пойдзеш па этапе". Пагроза гэта была ці папярэджанне — я не ведаю. Але нават цяпер я не адчуваю сябе ў бяспецы, — працягвае Алеся.

Гвалт на вуліцах Беларусі выклікаў у дзяўчыны шок. Закрыць на гэта вочы і ўсё забыцца яна не змагла.

— Жудасна. Я наогул не думала, што пры маім жыцці заспею тое, што здарылася. Гэта як дрэнны сон, як быццам штосьці нерэальнае. Гэта не XXI стагоддзе, гэта не еўрапейская краіна. У маім разуменні гэтага наогул не магло адбыцца. Павінен быць дыялог, толькі дыялог. Ні кроплі крыві, ні кроплі гвалту. Чалавецтва развівалася з той мэтай, каб любыя шурпатасці і канфлікты вырашаць толькі мірным шляхам, шляхам перамоў.

Да таго як стаць памочніцай міністра, Алеся тры гады працавала консулам у амбасадзе Беларусі ў Швейцарыі. Дзяўчыне прапаноўвалі застацца ў Швейцарыі, але яна адмовілася:

— Быўшы ў Швейцарыі, там мне прапаноўвалі працу, але для сябе гэты варыянт нават і не разглядала: адчувала адказнасць, пачуццё абавязку і Бацькаўшчыны.

У 2015 і 2016 гадах яна была старшынёй камісіі на ўчастку, размешчаным у амбасадзе, на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах.

— Старшынёй я стала "па змоўчанні", мяне ніхто не пытаўся. На ўчастак тады прыйшло галасаваць да пяцідзесяці чалавек. Тады, у 2015 годзе, на ўчастку перамог Аляксандр Лукашэнка. Усе бюлетэні мы сумленна дасталі і сумленна палічылі. Наколькі мне вядома, фальсіфікацый не было.

За каго яна галасавала сама, Алеся не кажа.

— Каго я падтрымлівала з кандыдатаў у прэзідэнты — не скажу, але гэта была не дзейная ўлада. Думаю, гэтага дастаткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі