За паўгода ўжо 6 настаўнікаў не змаглі пераздаць на вышэйшую катэгорыю

Паўгода таму Міністэрства адукацыі вырашыла, што настаўнікі мусяць пацвярджаць атрыманую раней вышэйшую катэгорыю адзін раз на 5 гадоў. Ужо ёсць тыя, хто не здалі!

“Пацвярджэнне кваліфікацыі мы пачалі са студзеня. За паўгода толькі 6 чалавек не пацвердзілі. 99,8% ад усіх, хто пераздаваў катэгорыю пацвердзілі. Гэта пацвярджэнне ёсць паўсюль, гэта і лекары, гэта ва ўсім свеце ёсць”, — расказваюць Еўрарадыё пра настаўнікаў-“двоечнікаў” у Міністэрстве адукацыі.

Каб пацвердзіць свой статус, настаўнік мусіць “абагульніць досвед” на 10 старонках, напрыклад. Працягваюць у міністэрстве:

“Для настаўніка са стажам гэта нескладана. Напрыклад, у настаўніка рускай мовы абсалютная граматнасць у класе, нехта прыдумвае цікавыя задачы па матэматыцы. Для настаўніка з досведам — гэта паўдня працы”.

За “паўдня працы” і “абагульненне досведу” настаўнік вышэйшай катэгорыі мае да заробку 338 тысяч.

“Настаўнік вышэйшай катэгорыі — стаўка 1 мільён 129 тысяч, плюс 621 тысяча, плюс 338 тысяч за катэгорыю і таксама надбаўка за стаж”, — тлумачаць ва ўпраўленні адукацыі Ленінскага раёну Мінска.

І параўноўваюць з першай катэгорыяй.

“1 мільён 106 тысяч, плюс 608 тысяч і плюс 221 тысяча за катэгорыю”, — падлічваюць ва ўпраўленні.

Розніца, калі не браць стаж працы, — менш за 200 тысяч рублёў!

“Што настаўнік вышэйшай катэгорыі, што першай — розніца там мінімальная, амаль ніякіх бонусаў. Але гэтае прыдуманае пацвярджэнне незразумела, навошта. Напрыклад, чалавеку год да пенсіі, у яго вышэйшая катэгорыя. Навошта яго торгаць… У школе і так яго ведаюць. Калі б былі нейкія нараканні, тады зразумела. Варта было б думаць, як заробак настаўнікам павысіць, а не катэгорыі вызначаць”, — падсумоўвае настаўнік першай катэгорыі Андрэй Валер’евіч. На пераздачу пакуль не збіраецца.

Сярэдні заробак у настаўнікаў за сёлетні кастрычнік — 4,2 мільёна, паводле падлікаў Белстат.

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі на 16 верасня экзамены на катэгорыю ўпершыню здавалі 728 настаўнікаў. 126 з іх не здалі. На вышэйшую катэгорыю здавалі 10 настаўнікаў — ніхто не засыпаўся.

Фота: mn.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі