За паўгода 1000 мінчан захацелі стаць міліцыянерамі

“Заробак, вядома, не вельмі вялікі, але гэта не важна. Ільготы — кватэру можна пабудаваць і далей, далей, далей”, — абітурыент Акадэміі МУС Сяргей на пытанне Еўрарадыё, чаму ён хоча быць міліцыянерам, нечакана перш за ўсё ўзгадвае менавіта пра льготы і выгады. І толькі пасля добрага тычка ўспамінае пра сацыяльную важнасць прафесіі міліцыянера. 
 
Ільгот для ахоўнікаў і міліцыянераў сапраўды шмат.  Здзіўляе, што абавязкі ўмяшчаюцца ў сем слоў, а вось умовы і льготы — некалькі радкоў!
 
Плюс датэрміновы выхад на пенсію, дадатковыя адпачынкі і выплаты дапамогі на аздараўленне. Да таго ж новаяўленага міліцыянера адразу ставяць на ўлік як таго, хто мае патрэбу ў жыллі, аплачваюць дарогу да адпачынку, часткова кампенсуюць арэнду жылля — 1,1 мільёна на чалавека. Таксама супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць прэміраванне за ўдзел у спартыўных мерапрыемствах і магчымасць навучацца ў Акадэміі МУС на бюджэтным аддзяленні са стыпендыяй. 
 
І гэта ўсё ахоўніку ў метро! Шукаю шчасця ў аддзеле кадраў Мінскага метрапалітэна.  
 
“І дзяўчат бяром, на кожны батальён па адной дзяўчыне, але калі вы праходзіце па здароўі. Праца па 12 гадзін у суткі, дзяжурствы па начах”, — і радуюць, і пужаюць мяне ў аддзеле кадраў мінскага метро.  
Але мяне гэта не асабліва палохае — магчымыя ільготы грэюць душу. Ёсць розніца плаціць 16% за льготны крэдыт ці 5% для міліцыянераў? 
 
У мінскім метро пацвярджаюць: у чаргу на льготную кватэру ставяць адразу. 
 
Мінскі метрапалітэн: “У нас асобная льгота,  і паставяць на ўлік і ў нас, і ў Мінгарвыканкаме, але колькі гэтая чарга будзе ісці, я вам не магу сказаць. Мо і 5 гадоў, а мо і 10”. 
 
На сайце ГУУС Мінгарвыканкама ў раздзеле вакансій таксама шмат прапаноў. Участковыя, кінолагі, міліцыянеры ППСМ, а таксама міліцыянеры-вадзіцелі патрэбны ледзь не ў кожным раённым аддзеле ўнутраных спраў Мінска. 
Да прыкладу, міліцыянеру-вадзіцелю аплачваюць частку навучання ў аўташколе, а за перапрацоўку і раскрыццё злачынстваў прэміруюць дадаткова. 
 
Тэлефаную ў Заводскі раён — сюды ўладкоўваю знаёмага на пасаду ўчастковага ці вадзіцеля. 
 
“А ў вас вышэйшая адукацыя ёсць? Для ўчастковага міліцыянера патрэбна вышэйшая адукацыя. Заробак — 5 мільёнаў, гэта я вам пачатковы заробак кажу”, — паведамляюць  мне ў Заводскім раёне. Але калі я пачынаю распытваць, прапаноўваюць прыйсці і паказацца. 
 
“Канечне, у нас не стопрацэнтная загружанасць кадраў, але гэта характэрна для любых прадпрыемстваў”, — разважае начальнік аддзела камплектавання Мінскага ГАУС Аляксандр Раманюк.
 
У мінскай міліцыі прызнаюцца, што апошнім часам кандыдатаў на некаторыя пасады пачалі правяраць… на дэтэктары ілжы. 
 
“І, можна сказаць, ёсць вынік. Калі б не паліграф, мы б, магчыма, памыліліся ў выбары кандыдатаў. Магчыма, з наступнага года мы будзем усіх кандыдатаў правяраць на паліграфе”, — кажа Аляксандр Раманюк.  
Пры гэтым адзначаюць, што, нягледзячы на льготы, атрымаць іх удасца не кожнаму — далёка не ўсе праходзяць адбор, хоць на дзень прыходзіць па 5 чалавек. 
 
“За паўгода да нас прыйшло 1000 кандыдатаў, але добра, калі з 10 чалавек мы выбралі хаця б аднаго”, — падсумоўвае начальнік службы камплектавання мінскай міліцыі Аляксандр Раманюк.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі