За дзякуй і пончык: колькі палітыкі гатовыя плаціць за збор подпісаў на выбарах

Зборшчыкі подпісаў у часе адной з мінулых выбарчых кампаній / euroradio.fm
Зборшчыкі подпісаў у часе адной з мінулых выбарчых кампаній / euroradio.fm

Сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты — праца не з простых, нават калі б у свеце не лютаваў COVID-19. А ўжо тым больш у гэта каранавіруснае лета.

Любая праца, як той казаў, павінна быць аплачана. А ў няпросты час, калі многія губляюць абароты і працу праз пандэмію, падпрацоўка ў ініцыятыўнай групе магла б нядрэнна паправіць фінансавае становішча. Але ці законна гэта наогул — плаціць зборшчыку подпісаў?

 

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах

"Мы рэалісты і разумеем, што наўрад ці знойдзецца вялікая колькасць людзей, згодных на бязвыплатных умовах працаваць у ініцыятыўных групах. Менавіта з гэтага пункту гледжання мы калісьці [ў 2013 годзе. — Еўрарадыё] адкарэктавалі заканадаўства і прапанавалі ўзаконіць гэту дзейнасць", — адказвае Еўрарадыё кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына

Гэта значыць, падчас, напрыклад, прэзідэнцкай кампаніі 2010 года плаціць зборшчыкам подпісаў было нельга, а цяпер — можна?

"Так, [тады] лічылася, што гэта незаконна. Але ніхто за гэта не быў адхілены ад гонкі, хоць усе ўсё ведалі: і расцэнкі друкаваліся, і распаўсюджваліся чуткі, хто колькі плаціць у той ці іншай групе, і гэтак далей. Гэта было незаконна, таму што не было асабістых фінансавых фондаў кандыдатаў у прэзідэнты. Лічылася, што ніякія асабістыя сродкі ўкладваць нельга, а толькі тое, што дае дзяржава з бюджэтных сродкаў на ўлёткі. Цяпер жа ўсё ўзаконена: ёсць магчымасць стварыць свой фонд і магчымасць яго выкарыстоўваць", — працягвае Лідзія Ярмошына.

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, фінансавую дысцыпліну ў ініцыятыўнай групе вызначае сам штаб. Інакш кажучы: аплата працы зборшчыка подпісаў (калі яна ўвогуле будзе) не рэгулюецца дзяржавай.

Колькі "кандыдаты ў кандыдаты" збіраюцца плаціць за подпісы? І ці будуць плаціць наогул? Мы папрасілі іх адказаць на гэтыя пытанні.

 

"Партыйнае "трэба" ад Алега Гайдукевіча

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Алег Гайдукевіч

"Не! За мной стаіць партыя, а не мяшок грошай. Калі ў цябе ёсць мяшок грошай, то гэта яшчэ не значыць, што ты збярэш подпісы. Таму мне прасцей: за мной стаяць людзі, каманда", — адказвае нам лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

Раней ён ужо заяўляў нам пра рашучую гатоўнасць сабраць патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Былога міліцэйскага начальніка не палохае ні тое, што выбары пройдуць на тры тыдні раней чаканага, ні каранавірус.

 

 

"Дзякуй" ад Андрэя Дзмітрыева

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Андрэй Дзмітрыеў

Што ж, ва ўдзельнікаў ініцыятыўнай групы Алега Гайдукевіча грошай на выбарах зарабіць не атрымаецца. А што іншыя прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла?

"[Плаціць зборшчыкам подпісаў] пакуль не плануем. Бо кампанія будзе ісці зусім інакш, чым было раней, у нас будзе па-іншаму выбудаваная сістэма збору подпісаў. Мы будзем працаваць з базай звестак: тэлефанаваць людзям і ісці непасрэдна да тых, хто будзе гатовы паставіць за нас подпіс. Задача валанцёра будзе ў тым, каб дайсці да гэтага чалавека", — кажа праўду лідар "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў.

Даведка Еўрарадыё:

"Валанцёр — гэта чалавек, які займаецца грамадска карыснай дзейнасцю на бязвыплатнай аснове".

 

Пончык ад Сяргея Чэрачня

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Сяргей Чэрачэнь, фота з сацсетак

Лідар партыі "Беларуская сацыяльна-дэмакратычная "Грамада" Сяргей Чэрачэнь прызнаецца Еўрарадыё, што на кампанію плануе выдаткаваць 100-120 тысяч з асабістых сродкаў. (Уау!) З гэтага фонду нешта дастанецца і зборшчыкам подпісаў. Але, праўда, не ў выглядзе хрусткіх грашовых знакаў.

Сяргей Чэрачэнь: У нас ёсць бюджэт на гэту кампанію, і размяркоўвацца ён будзе на тэхнічныя патрэбы. Адпаведна, калі хтосьці захоча пончык, кавы або гарбаты, мы гэта аплацім.

Еўрарадыё: А калі чалавек захоча проста грошы?

Сяргей Чэрачэнь: Не, проста грашыма мы плаціць не можам. У нас ёсць бюджэт на кампанію.

 

Маскі, пальчаткі і "нейкі бонус" ад Ганны Канапацкай

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Ганна Канапацкая

“Пасля фармавання выбарчага фонду мы плануем выдзеліць грошы на закупку сродкаў аховы ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася: маскі, пальчаткі, — кажа экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. — Збор подпісаў не будзе нейкай аплатнай работай, але я думаю, што будзе нейкае заахвочванне. Мы разумеем, што за работу ў такіх умовах нейкае заахвочванне павінна быць".

Праўда, што гэта будзе за заахвочванне, мы ў Ганны так і не змаглі даведацца. Самым цікаўным, мабыць, давядзецца ўступіць у ініцыятыўную групу Канапацкай.  

Валерый Цапкала "пакуль што думае над такой магчымасцю"

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Валерый Цапкала, фота з сацсетак

Па словах Аляксея Урбана, афіцыйны прадстаўнік экс-кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалы, у яго камандзе пакуль няма адзінай думкі наконт таго, ці варта аплачваць працу зборшчыкаў подпісаў.

"Першапачаткова, калі Валерый Вільямавіч пачынаў гэту дзейнасць, ён разлічваў (і разлічвае) больш на свабодных і ініцыятыўных людзей, гэта значыць на валанцёраў — тых, хто працуе, скажам так, па закліку сэрца, а не за грошы. Гэта важна! З іншага боку, вы ж ведаеце, што ён быў топ-менеджарам дзяржаўнага ўзроўню, таму ў яго ёсць жорсткія прынцыпы: за кожную работу трэба плаціць", — расказаў Аляксей Урбан.

Надзея ад Віктара Бабарыкі

За спасибо и пончик: сколько политики готовы платить за сбор подписей на выборах
Віктар Бабарыка, фота з сацсетак

Будзе ці не аплачваць працу сваіх зборшчыкаў подпісаў банкір Віктар Бабарыка, у Еўрарадыё даведацца не атрымалася. Па словах аднаго з сяброў яго ініцыятыўнай групы, штаб кандыдата ў кандыдаты нічога не каментуе да 20 траўня. Гэта — крайні тэрмін, у які ЦВК павінен прыняць рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп.   

***

Для людзей, якія сёлета хацелі зарабіць на зборы подпісаў, карціна пакуль што вымалёўваецца не самая маляўнічая.

Па чутках з мінулага, пра якія згадвае Лідзія Ярмошына, самыя "дарагія" подпісы былі падчас кампаніі 2010 года ў ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева. За адзін подпіс плацілі цэлых паўтара долара!

Эх, былі ж часы!

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі