Адзін рыхтаваўся 2 гады, у іншага аўрал: ці гатовыя палітыкі да 9 жніўня

Выбары, выбары / euroradio.fm
Выбары, выбары / euroradio.fm

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. За такую дату, прапанаваную кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, прагаласавалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У пэўнай ступені гэта было нечаканае рашэнне. Раней Ярмошына агучвала ў якасці магчымай даты 30 жніўня — пярэдадзень дня нараджэння Аляксандра Лукашэнкі. Аднак выбары пройдуць на тры тыдні раней. А значыць, падаць дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп кандыдаты ў кандыдаты павінныя ўжо праз тыдзень — 15 мая.    

Што думаюць пра дату правядзення выбараў палітыкі, якія ўжо агучылі свае прэзідэнцкія амбіцыі? Мы не можам спытаць пра гэта ў відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, якога напярэдадні затрымала міліцыя. Але іншыя палітыкі расказалі нам, ці зблытала прызначэнне выбараў іх планы і як яны будуць весці выбарчую кампанію ва ўмовах пандэміі COVID-19.

Юрась Губарэвіч

Один готовился 2 года, у другого авральный режим: готовы ли политики к 9 августа
Юрась Губарэвіч

Праймерыз яшчэ не вызначылі адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл — агучыць яго збіраліся ў канцы траўня. У гонцы засталіся Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова.

Юрась Губарэвіч расказаў Еўрарадыё, што ні агучаная дата выбараў, ні пандэмія каранавіруса не паўплывала на рашэнне арганізатараў праймерыз вылучыць "адзінага" для ўдзелу ў выбарах.

"Мы гатовыя, таму што мы вядзём працу з першых паездак па рэгіёнах. Людзі, якія ўдзельнічалі там у галасаванні, давалі сваю згоду на ўключэнне ў ініцыятыўную групу адзінага кандыдата. Улічваючы тых людзей, з якімі мы сустрэліся ў рэгіёнах, і тых, хто ўзяў удзел у інтэрнэт-галасаванні, больш за тры тысячы членаў ініцыятыўнай групы мы атрымаем".

Рашэнне пра тое, хто стане тым самым "адзіным", будзе прынятае цягам некалькіх дзён. Арганізатары праймерыз будуць абапірацца на вынікі двух этапаў: паездак па рэгіёнах і інтэрнэт-галасавання. Правядзенне дэмакратычнага кангрэса цяпер выглядае нерэальным — яго планавалі на канец траўня, а рэгістрацыя ініцыятыўных груп да таго моманту ўжо завершыцца.

"Чаму яны прызначылі выбары на тры тыдні раней за тую дату, якую тая ж Ярмошына агучыла раней? Гэта азначае, што Лукашэнка не ўпэўнены, што спрацуе яго адладжаны механізм фальсіфікацыі. Яго рэйтынг набліжаецца да нуля праз паводзіны ў час эпідэміі каранавіруса і эканамічнага крызісу, які так ці інакш ужо прыйшоў у Беларусь, — разважае Губарэвіч. — Больш ранняе правядзенне выбараў дае перавагу на этапе збору подпісаў, таму што фактычна праз тыдзень тыя, хто рэгіструе ініцыятыўныя групы, павінныя будуць выходзіць на збор подпісаў. Аднак мы выдатна разумеем, што людзі проста не будуць адчыняць кватэры праз пагрозу распаўсюджвання інфекцыі. Таксама ёсць сумневы, што будзе ажыятаж вакол пікетаў. А для Лукашэнкі намаляваць гэтыя 100 тысяч подпісаў не праблема. І ў гэтай сітуацыі яму яшчэ лягчэй фармаваць сваіх сапернікаў".

Алег Гайдукевіч

Один готовился 2 года, у другого авральный режим: готовы ли политики к 9 августа
Алег Гайдукевіч

Лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча не напалохаць ні датай выбараў, ні каранавірусам:

"Выбары мусілі прайсці ў жніўні — не пазней за 30-га. Пра гэта казалі яшчэ год таму. Хто не гатовы да 9 жніўня, не будзе гатовы ні да 16-га, ні да 30-га, ні да верасня, ні да кастрычніка. Да выбараў трэба рыхтавацца за 2 гады. Мы пра гэта казалі пастаянна. Мы ўжо тады думалі пра ініцыятыўную групу. Яна ў мяне ўжо сабраная, трэба яе толькі адшліфаваць. У панядзелак ужо гатовы яе здаваць, але здам у пятніцу.      

Безумоўна, пандэмія паўплывае на выбарчую кампанію. Мы ад гэтага нікуды не падзенемся. Напрыклад, збор подпісаў будзе вельмі цяжкі. Мабыць, самы цяжкі за ўвесь час прэзідэнцкіх кампаній. Але пра што я думаю: такі цяжкі збор будзе ва ўсіх, а я гатовы лепш за іншых. Так, будуць маскі. Так, будуць пальчаткі. Але мы збяром. Для гэтага ў нас ёсць структура, ёсць фінансы, ёсць партыя. 

Што тычыцца агітацыі, то зноў — мне прасцей. Я — дэпутат, я больш вядомы, чым іншыя [незалежныя] кандыдаты, якія толькі ў інтэрнэце жывуць. Але і для мяне будзе цяжка, таму дзесьці больш будзем выкарыстоўваць анлайн-канферэнцыі, дзесьці анлайн-агітацыі. Але і так свет да гэтага рухаецца. 

Уся гэтая сітуацыя, наадварот, стымулюе. Гэта мая першая прэзідэнцкая кампанія, і я буду рабіць усё для таго, каб правесці яе годна".

Мікалай Статкевіч

Один готовился 2 года, у другого авральный режим: готовы ли политики к 9 августа
Мікалай Статкевіч

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч ужо абвясціў у сацсетках, што разам са сваімі прыхільнікамі панясе дакументы ў ЦВК 14 траўня. Палітык запрашае ўсіх ахвочых падтрымаць яго:

"Мы яшчэ не паспелі да канца праверыць спісы маёй ініцыятыўнай групы, але спіс у межах 2600-3000 чалавек. Мы плануем падаць дакументы ў чацвер. Мы ўлічваем фактар пандэміі, у адрозненне ад улады, таму мы заклікаем людзей дапамагчы мне падаць дакументы 14 траўня з захаваннем мер засцярогі — прыйсці ў масках. Ну, у каго не будзе, самі дамо". 

Статкевіч нагадаў, што збіраць подпісы не будзе, а скарыстаецца ініцыятыўнымі групамі для "легалізацыі" акцый пратэсту:

"Зразумела, што ўлады будуць дзейнічаць па самым нахабным, цынічным і спрошчаным сцэнары. Гуляць па гэтым сцэнары, па стандартных правілах гэтага рэжыму — значыць працаваць на яго. Мы гэтага рабіць не будзем".

Сяргей Чэрачань

Один готовился 2 года, у другого авральный режим: готовы ли политики к 9 августа
Сяргей Чэрачань, фота з сацсетак

Агучаная дата ўнесла карэктывы ў фармаванне ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня, які вылучаецца ад партыі "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада". Цяпер яму і яго паплечнікам давядзецца паскорыцца.  

"У найбліжэйшыя тры тыдні планавалі зрабіць канцэптуальную зборку ініцыятыўнай групы. Цяпер мы абавязаныя ўсё гэта зрабіць у тыднёвы тэрмін — адпаведна, у нас аўральны рэжым. Таму ёсць пэўныя нязручнасці. Але, тым не менш, гэта не настолькі крытычна, каб здымаць кандыдатуру з удзелу ў гэтых выбарах.

Пытанне па каранавірусе складанае, таму што нават пры фармаванні ініцыятыўнай групы не ўсе былі гатовыя сустракацца. Бо было незразумела па даце, па магчымым пераносе, усе былі ў чаканні. І плюс: людзі, якія гатовыя нам дапамагаць і ўступаць у ініцыятыўныя групы, — гэта людзі, якія ўжо маюць пэўную кампетэнцыю ў зборы подпісаў, і ў большасці сваёй гэта людзі за 40, гэта значыць якраз у зоне рызыкі. Кожны будзе вырашаць для сябе. А мы будзем старацца забяспечваць людзей сродкамі індывідуальнай абароны".

Сяргей Калякін

Один готовился 2 года, у другого авральный режим: готовы ли политики к 9 августа
Сяргей Калякін

Лідар партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін у лютым 2020-га заявіў, што прадстаўнік яго партыі будзе ўдзельнічаць у будучых прэзідэнцкіх выбарах. Планавалася, што ў красавіку левыя назавуць свайго кандыдата, але да гэтага часу ад іх — цішыня. Ці не збіраюцца партыйцы зусім адмовіцца ад выбараў?      

"Я толькі ў панядзелак змагу даць адказ. Вы ж разумееце тую сітуацыю, якая ў краіне. Нашы партыйныя органы працуюць толькі ў дыстанцыйным рэжыме. У цяперашні час мы праводзім апытанне сярод членаў цэнтральнага камітэта. І ў панядзелак, я думаю, мы будзем мець рашэнне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі