Вы тут

"За бабуляй могуць хавацца бандыты": у Мінску хочуць утаймаваць вулічны гандаль

Кадр з кінафільма "Джэнтльмены ўдачы"​ 

У Мінску пры гарвыканкаме створана рабочая група па барацьбе з нелегальным гандлем на вуліцах. Ініцыятарамі выступіла аб'яднанне прадпрымальнікаў "Перспектыва". Іпэшнікі наракаюць на сезонных "нелегалаў" — вулічных прадаўцоў агародніны і садавіны, якія не плацяць арэнду, падаткі і нядобрасумленна канкуруюць з законапаслухмянымі прадпрымальнікамі.

У сацсетках адразу ж занепакоіліся за бабулек, якія гандлююць на вуліцах: няўжо цяпер будуць змагацца са старымі, якія спрабуюць знайсці хоць нейкую прыбаўку да пенсіі?

Старшыня "Перспектывы" Анатоль Шумчанка тлумачыць Еўрарадыё, супраць каго будуць накіраваныя дадзеныя меры:

"Не трэба займацца падменай паняццяў. Мы гаворым пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у асабліва буйных маштабах, якія вылічаюцца дзясяткамі тысяч долараў. Той асартымент і той фармат, які займаецца нелегальным гандлем, — гэта не бабуля, якая гандлюе кропам, гэта добра арганізаваны, адладжаны бізнес. Ён сёння існуе толькі таму, што ім займацца выгадней, чым працаваць легальна".

 

 

Фота: perspektyva.org

Не міліцэйская гэта справа 

Шумчанка звяртае ўвагу, што цяпер штраф за продаж "бульбы з багажніка" складае ўсяго толькі 12 рублёў 75 капеек. Але "нелегалаў" і так асабліва не "кашмараць". "Перспектыва" звярнулася да мінскай міліцыі з просьбай разабрацца з незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Было пералічана каля 20 канкрэтных адрасоў нелегальнага гандлю ў Маскоўскім раёне. Аднак прадпрымальнікам адказалі, што "пры правядзенні праверкі якіх-небудзь фактаў парушэння заканадаўства, якія датычацца кампетэнцыі АУС, не выяўлена".

Паводле слоў Шумчанкі, галоўная задача ініцыятывы — зрабіць так, каб нелегальным бізнесам было дорага і нявыгадна займацца.

"Мы ніякім чынам не хочам рабіць замах на прыбаўку да пенсіі старых, якія вымушаны гэтым займацца. Адназначна — не. Мы, наадварот, будзем прапаноўваць, каб гарвыканкам у сацыяльным плане іх падтрымаў", — кажа Шумчанка.

Старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін, які ўзначаліў новую рабочую групу, нагадвае, што для пенсіянераў у Мінску і так створаны асаблівыя ўмовы працы:

"Мінгарвыканкам на рынках вылучыў месцы для пенсіянераў, для ветэранаў працы і тых бабуль, якія вырошчваюць сваімі рукамі [агародніну і садавіну] на прысядзібных участках, дачах. Такіх месцаў больш за 500, але, напэўна, мала хто пра іх ведае".

 

Няправільныя бабулі 

Аднак Уладзімір Карагін звяртае ўвагу, што сярод бабуль могуць быць і "пярэваратні ў хустках":

"Прадпрымальнікі асцерагаюцца, што пад выглядам бабуль могуць хавацца нейкія злачынныя групоўкі (ужо раней з такім сутыкаліся). Я вось нават нядаўна правёў эксперымент: купіў у такой вось бабулі памідоры, але яны аказаліся не свойскія. Вывучыў іх: яны не былі зроблены ў Беларусі. Гэта значыць, яна займаецца спекуляцыяй, перапродажам".

Як жа можна адрозніць бабулю з арганізаванай злачыннай групы ад звычайнай пенсіянеркі?

Пошукам рашэння гэтай праблемы ў тым ліку будзе займацца рабочая група.

"Трэба падумаць і комплексна гэта вырашыць. Магчыма, нават прыцягнуць актыўных пенсіянераў да абмеркавання гэтага пытання", — заключае Карагін.