З-за трох блокаў цыгарэт на мяжы забіраюць машыны коштам у 5-6 тысяч долараў

Памежнікі сцвярджаюць, што на такія жорсткія санкцыі ідуць, калі знаходзяць у аўтамабілі дробнага кантрабандыста спецыяльную схованку. Не даруюць нават 74-гадовым пенсіянерам Збяднеўшы з-за крызісу, беларусы і іх суседзі спрабуюць зарабіць на дробнай кантрабандзе часцей. Але памежнікі змагаюцца з такімі  "чалнакамі" бязлітасна. Ад дробных кантрабандыстаў пачалі паступаць слёзныя сігналы: "на мяжы забіраюць машыны".

У падпалкоўніка Гродзенскага памежнага атрада Еўрарадыё спыталася, ці праўда гэта і за што ў грамадзяніна можна канфіскаваць аўтамабіль.

Падпалкоўнік: “Калі ў машыне будуць тавары, утоеныя ад мытнага кантролю — паўтараю, утоеныя — пагражае канфіскацыя аўтамабільнага транспарту. Нават калі машына належыць вам, а ехаў ваш сябар, ці сваяк, ці выпадковы знаёмы. Гэта рэчаіснасць. Вы прыедзьце на “Брузгі” (пункт пропуску на мяжы з Польшчай — ЕРБ), і там самі ўсё пабачыце. Я дакладна растлумачыў вам магчымасць канфіскацыі?”.

Канфіскаваць аўтамабіль могуць і падчас спробы вывазу цыгарэтаў з Беларусі. Памежнікі папярэджваюць — вывозіць нельга менавіта расійскія цыгарэты без акцызных марак.

Здараецца, аўтамабілі канфіскоўваюць нават у асобаў пенсійнага ўзросту. Пра такія выпадкі нам паведамілі ў Смаргонскім памежным атрадзе.   

Смаргонскі памежны атрад: “З-за трох блокаў канфіскоўвалі машыны, якія каштуюць па пяць-шэсць тысячаў долараў ЗША. У гэтым годзе такое здаралася не аднойчы. І нават з пенсіянерамі 1935 (74 гады - ЕРБ)  года нараджэння. У іх таксама забіралі машыны”.

Памежнікі сцвярджаюць, што на такія жорсткія санкцыі могуць пайсці толькі калі знойдуць у машыне спецыяльную схованку:

“Калі цыгарэты будуць без акцызнай маркі. Калі яны не будуць схаваныя, а проста будуць валяцца на сядзенні — у межах пяці-дзесяці блокаў — у вас забяруць цыгарэты і ўсё, — працягвае распавядаць супрацоўнік Смаргонскага памежнага атрада. — Калі ж толькі цыгарэты будуць схаваныя, схованка зробленая ці яшчэ што — машыну могуць канфіскаваць”.

Але нават такія меры не спыняюць кантрабандыстаў. Аперацыі па затрыманні такіх парушальнікаў на мяжы здараюцца амаль штодзённа. Ловяць і нашых, і замежных кантрабандыстаў.  

“Вы ведаеце, і тых, і тых прыкладна пароўну, — разважае супрацоўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Шчацінін. — І тыя, і тыя адзначаюцца. Вось нядаўна чэха злавілі, у Латвію вёз вельмі шмат цыгарэтаў. 20 сакавіка паляк спрабаваў вывезці з Беларусі штык-нажы”.

Той самы чэх у прычэпе сваёй "Вольва" спрабаваў вывезці ў Еўрасаюз праз пункт пропуску “Прывалка” каля 300 пачкаў цыгарэт. Ды што там цыгарэты — у пункце пропуску “Брэст” памежнікі знайшлі пад капотам аўто ў 59-гадовага беларуса…18 жаночых сукенак. Праўда, беларусу пашанцавала: канфіскавалі толькі кантрабандныя сукенкі.

Але перавозчыкі працягваюць перапраўляць праз мяжу забароненыя тавары. Еўрарадыё выйшла на аднаго з кобрынскіх перавозчыкаў, Эдуарда, і папрасіла дапамагчы перавезці з Польшчы на тэрыторыю Беларусі партыю скуранога абутку.   
 
Перавозчык: “Без праблем, паціху як працавалі, так і працуем, — адказаў на тэлефанаванне перавозчык. — Але не так, як раней гэта ўсё”.

Эдуард пажаліўся, што працаваць стала складаней, але гарантаваў паспяховы вынік “аперацыі”.

Перавозчык: “Складана, вельмі складана зараз. Але я мяркую, што мы вырашым гэта ўсё. Паціху ўсё зробім”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі