З-за свечкі з чужога храма верніцы зрабілі вымову

 
“Я была ў царкве на Вербную нядзелю. Мы купілі свечку ў мінскай царкве, але там было вельмі многа людзей і мы вырашылі зайсці ў іншы храм — у Тарасаве. Я ўспомніла, што ў мяне ёсць свечкі ў сумцы. Разам з маці мы паставілі гэтыя свечкі і пачалі маліцца. Але тут падышла царкоўная служка, патушыла мае свечкі і пачала кідаць іх пад ногі, кажучы нешта пра ахвяру царкве”, Алена нават сёння ў шоку, бо ўсё адбывалася падчас яе малітвы і ў вялікае свята. Па тлумачэнні дзяўчына звярнулася да бацюшкі.
 
Той, паводле слоў Алены, указаў, што ў яго царкве можна паліць толькі свечкі, якія былі купленыя ў яго храме.
 
“Я спыталася, ці гэта не агульны храм, месца, дзе можна маліцца, — але не атрымала адказу. Насамрэч вельмі непрыемна было, шакуюча. У мяне былі свечкі з Іерусаліма і я ставіла іх у храмах, але мне ніколі ніхто не рабіў заўваг. Мо гэта занадта, але я болей не хачу ісці ў царкву”.
 
Гісторыя сапраўды дзікая, бо я заўсёды лічыла, што ў веры свечка — не самае галоўнае!
 
Іду ў сталічны ГУМ па звычайныя парафінавыя свечкі — менавіта іх я збіраюся паставіць у царкве. На лесвічным пралёце ўнівермага нечакана стаіць царкоўная крамка. Царкоўная служка, угледзеўшы мае свечкі, смяецца:
 
“Гэта парафінавыя, яны куродымяць, звычайна ў царкве такія не ставяць”, — і прапаноўвае поўны сэрвіс: вярбу, вельмі магутныя свечкі, якія асвяцілі на Грамніцы, літаратуру.
 
Па дарозе да царквы заварочваю ў духоўную краму і пытаюся пра свечкі. Тут царкоўная служка пра якасць свечак не ўспамінае, у яе іншае тлумачэнне, чаму нельга “чужое”:
 
“Свечка — гэта ахвяра Богу ад вас. Гэта ў спецыяльнай духоўнай літаратуры напісана”, — кажа жанчына.
 
Але я прапаную разам з ёй пашукаць тую самую літаратуру. Служка не адразу знаходзіць словы пра ахвяру. Затое ў кнізе вычытваю, што Богу насамрэч ўсё роўна, якая ў цябе свечка.
 
“За колькі вы гэтыя свечкі купілі? За 15 тысяч! У нас я б вам дала 15 свечак за гэтыя грошы. Гэтак не прынята — вам могуць зрабіць заўвагу. За вушы цягаць не будуць, але…”, — тлумачаць мне ў духоўнай краме.
 
Нарэшце, іду ў царкву ставіць свечкі. Прызнацца, мне было неяк сорамна ставіць свае свечкі ў храме, але бабулька іх... прапускае. 
 
На выхадзе зноў сустракаю продаж свечак і зноў пытаюся, ці ёсць сувязь паміж верай і свечкамі. Служка пагаджаецца, што ставіць свечкі можна любыя!
 
У Мінскай епархіі даць каментар пра свечкі і сувязь з верай адмаўляюцца, просяць афіцыйны запыт. Але ў аддзеле продажу свечак і кніжак просяць дараваць:
 
“Зараз пост, вы прабачце, мо чалавек нястрыманы патрапіў вам, прабачце, зараз жа пост!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі