З навучання дзевяцікласнікаў знікла чарчэнне

З навучання дзевяцікласнікаў знікла чарчэнне

У новым навучальным годзе ў дзевяцікласнікаў знік такі прадмет, як чарчэнне. Як піша TUT.by, яго няма ў тыпавым вучэбным плане агульнай сярэдняй адукацыі на 2019/2020 навучальны год. 

Чарчэнне вывучалі ў восьмым і дзявятым класе ў школах у 1980-1990-х гадах. У 2000-х яно засталося толькі ў дзявятым класе — адна гадзіна на тыдзень. Потым прадмет стаў факультатыўным. 

Тады трывогу забілі ВНУ, і прадмет вярнулі ў праграму. Чарчэнне неабходнае для тэхнічных спецыяльнасцяў. 

Аднак з 1 верасня чарчэння ў праграме для дзевяцікласнікаў няма. 

У Нацыянальным інстытуце адукацыі тлумачаць, што чарчэнне перанеслі з дзявятага ў дзясяты клас. "Вывучэнне чарчэння перанесена ў 10-ы клас. Вывучаць яго школьнікі будуць з 2020-2021 навучальнага года", — тлумачыць дырэктарка Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук. Як і раней, гэта будзе звычайны ўрок, а не факультатыў.

Змены, як кажуць у Мінадукацыі, закрануць не толькі чарчэнне. Напрыклад, з 10-га ў 9-ы клас перанеслі ўрокі геаграфіі Беларусі. Таксама ў дзевяцікласнікаў з'явіцца такі ўрок, як "Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)". Цяпер гэты прадмет будуць вывучаць з пятага па дзявяты класы.

Нагадаем, што сёлета малодшы сын кіраўніка Беларусі Мікалай Лукашэнка акурат пойдзе ў дзявяты клас школы. 

Новаўвядзенні ў тыпавым навучальным плане запланаваныя і для іншых класаў. Напрыклад, з сёмага класа ў дзявяты перанеслі асобныя тэмы па фізіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі