Вы тут

З Ірака ў Беларусь ляціць чарговы борт па мігрантаў

У лістападзе авіякампанія Iraqi Airways эвакуявала з Беларусі больш за 1800 іракскіх грамадзян / @MinskNationalAirport​

Рэйс з Мінска ў іракскі Эрбіль, які павінен павезці дадому мігрантаў, у чацвер адбудзецца, пацвярджаюць у Нацыянальным аэрапорце. Борт ужо ў дарозе, яго прылёт у Мінск чакаецца ў 12.30. На 13.45 запланаваны вылет назад.

Напярэдадні ў прэс-службе аэрапорта расказвалі, што ў будынку аэравакзала знаходзіцца прыкладна 390 пасажыраў (з іх 53 дзіцяці), якія чакаюць гэты самалёт.

Гэты рэйс мусіў адбыцца яшчэ ў аўторак, але быў перанесены на чацвер. Палёты адмяняліся і пераносіліся і раней.

Сённяшні рэйс павінен стаць апошнім.  Пра гэта казаў днямі прэс-сакратар Міністэрства па справах міграцыі і перамешчаных асоб Ірака Алі Абас Джаханкер.

З ягоных слоў, у лістападзе больш за 1800 іракскіх грамадзян, якія затрымаліся на беларуска-польскай мяжы, былі эвакуяваныя з Беларусі. Іх вывозяць самалётамі авіякампаніі Iraqi Airways. Вываз мігрантаў ажыццяўляецца за кошт іракскага ўрада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.