З Аўстраліі — у РУУС: дзяўчыну з Сіднея хочуць прыцягнуць за мітынг у Мінску

"Ліст шчасця" з Партызанскага РУУС / Еўрарадыё
"Ліст шчасця" з Партызанскага РУУС / Еўрарадыё

Маю Корсік, якая з 2017 года жыве ў аўстралійскім Сіднеі, выклікаюць... у Партызанскае РУУС горада Мінска. "Ліст шчасця" прыйшоў дзяўчыне па месцы старой прапіскі. Прычына — адміністрацыйны працэс у дачыненні да Маі за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў беларускай сталіцы. Праўда, апошні раз Мая прылятала ў Беларусь у 2017 годзе.

Из Австралии — в РУВД: девушку из Сиднея хотят привлечь за митинг в Минске
Из Австралии — в РУВД: девушку из Сиднея хотят привлечь за митинг в Минске

 

— Позва прыйшла маёй свекрыві па месцы нашай прапіскі да ад'езду. Перад ад'ездам з Беларусі я выпісалася. Я, як грамадзянка Расіі, знялася з уліку, здала свой від на жыхарства, выпісалася з кватэры. Я цалкам легальна пакінула краіну, каб за мной не заставалася ніякіх абавязацельстваў, — расказвае Мая.

Дзяўчына пераехала ў Аўстралію ў кастрычніку 2015 года. Апошні раз прылятала ў Беларусь у 2017 годзе на вяселле да сяброўкі. Адкуль магла ўзяцца гэта позва? У Маі ёсць некалькі версій:

— Альбо мой стары нумар тэлефона дастаўся камусьці, хто наведвае акцыі, альбо таму, што я была вельмі актыўная ў сацсетках, асабліва першы тыдзень пасля пратэстаў. У Сіднеі я арганізавала жаночы ланцужок салідарнасці каля Сіднейскай оперы, а потым, праз тыдзень, яшчэ адзін флэшмоб. Я адкрыта выступала арганізатарам. Гэта вельмі дзіўна, калі мяне выклікаюць па нейкіх маіх актыўнасцях у іншай краіне. Альбо проста наўздагад, пальцам у неба?

У амбасадзе Расіі ў Сіднеі Маю супакоілі: у выпадку неабходнасці ёй выпішуць дакумент, які пацвярджае немагчымасць выезду з Аўстраліі: краіна закрыта праз каранавірус.

— Там [у амбасадзе. — Рэд.] быў адэкватны мужчына, ён мяне супакоіў, сказаў, што ўсё будзе нармальна. Маўляў, мы вам выпішам даведку, што вы не можаце наведаць суд: вы знаходзіцеся ў закрытай краіне, з якой немагчымыя падарожжы, — расказвае Мая. — А каб даказаць, што мяне не было, я буду браць даведкі з Аўстралійскага дэпартамента іміграцыі. Там будзе пазначана, калі я ўязджала ў краіну, і будзе відаць, што ў момант пратэстаў мяне не было ў Беларусі.

З праваахоўнікамі ні дзяўчына, ні яе сваякі пакуль не звязваліся. Але Мая збіраецца пісаць заяву ў Партызанскае РУУС — маўляў, хай сілавікі дакажуць, што яна была ў гэты час на тэрыторыі Беларусі і ўдзельнічала ў акцыі пратэсту.

У Мінску дзяўчына пражыла ўсё свядомае жыццё: вырасла, скончыла ўніверсітэт, працавала на дзяржпрадпрыемстве. Лічыць Беларусь сваёй радзімай, таму, кажа, не можа застацца абыякавай да цяперашняй сітуацыі ў краіне.

Из Австралии — в РУВД: девушку из Сиднея хотят привлечь за митинг в Минске
Акцыя падтрымкі ў Сіднеі / Еўрарадыё

— Мы цяпер абмежаваныя каранцінам, і нашы акцыі таксама абмяжоўваюцца афіцыйна, мы не можам выходзіць больш за дваццаць чалавек. Нашы акцыі не вельмі маштабныя, але яны праходзілі ў розных гарадах: Адэлаідзе, Канберы, Сіднеі.

Да гэтага выпадку з Маяй беларусы, якія не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, атрымлівалі толькі эсэмэскі ад МУС: "Паважаны грамадзянін! Вы ўстаноўленыя як парушальнік парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Вашы дзеянні зафіксаваныя з дапамогай фота-відэазапісу". Неўзабаве праваахоўнікі прызналі, што такія СМС-паведамленні маглі закрануць невінаватых. Але ў выпадку з Маяй гэта не проста эсэмэска, а цэлая позва, падпісаная намеснікам начальніка МГБ УУС палкоўнікам Альшэўскім!

Не выключаем, што ў сілавікоў знойдуцца тыя самыя фота-відэазапісы, на якіх дзяўчына, якая не была на радзіме 3 гады, прымае ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі