Юрыст: Кожны другі адміністрацыйна асуджаны ― бязвінна асуджаны

Юрыст: Кожны другі адміністрацыйна асуджаны ― бязвінна асуджаны

Паводле статыстыкі, у першай палове 2017 года суды Беларусі вынеслі 36 апраўдальных прысудаў. Што складае 0,17% ад колькасці усіх вынесеных за гэты час прысудаў. У Вярхоўным судзе такую невялікую ў параўнанні з еўрапейскай статыстыкай лічбу тлумачаць добрай працай следчых органаў ― у суды, маўляў, не паступаюць справы са слабой доказнай базай. Але юрыст Тамара Сідарэнка нават гэтую лічбу ў 0,07% лічыць недакладнай.

Сідарэнка: “Калі мы паглядзім, па якіх артыкулах апраўдалі тых 36 чалавек, то таксама атрымаем цікавую статыстыку. Там 6 чалавек былі апраўданыя, якіх вінавацілі ў нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў, 6 ― вінавацілі ў паклёпе і 1 ― у знявазе. Гэта 30% ад усіх апраўдальных прысудаў. А што гэта за артыкулы? Гэта справы прыватнага абвінавачвання. Гэта тыя справы, якія распачынаюцца па заяве пацярпела і пацярпелы сам у судзе прадстаўляе доказы абвінавачвання. Можаце ўявіць, якія доказы прадставіць чалавек, які сам не юрыст, а да адваката па дапамогу не звяртаўся, бо гэта дорага. Таму я б з гэтай статыстыкі, гэтых 36 апраўданых, выкрасліла ўзгаданых 13 чалавек ― яны не адлюстроўваюць працу следства, працу з абвінавачваннем, працу з доказамі, якія павінны ў суд прадстаўляць следчыя органы. А ў тым выпадку гаворка ў нас ідзе пра 0,04-0,05% апраўдальных прысудаў”.

Па словах Тамары Сідарэнкі, якая шмат гадоў працавала адвакатам у судах, суддзі фактычна не карыстаюцца такім падыходам да разгляду спраў, як прэзумпцыя невінаватасці.

Сідарэнка: “Пастаянна даводзілася сутыкацца падчас працы адвакатам з такімі справамі, калі з матэрыялаў справы было відавочна ― доказаў віны не хапае. І стаўленне суддзі такое: “Гэтага недастаткова, каб прызнаць яго невінаватым, гэты доказ невінаватасці нараджае пэўныя сумневы, але яго ўсё адно недастаткова, каб вынесці апраўдальны прысуд”. Гэта нейкая псіхалагічная ўстаноўка: мы ідзем не ад прэзумпцыі невінаватасці, калі глядзяць найперш на недастатковасць доказаў для абвінавачвання, а ― наадварот. Мусіць быць так: калі хоць адзін доказ віны сумнеўны, вынось апраўдальны прысуд. На практыцы такога няма. Наадварот, калі на судзе чалавек заяўляе, што прызнаўся ў злачынстве пад псіхалагічным ці фізічным уздзеяннем з боку следства, то суддзя не спрабуе высветліць, ці было такое, а кажа: “Змяніў паказанні таму, што хоча пазбегнуць пакарання”.

З афіцыйнай судовай статыстыкі ў апошнія гады знік такі паказчык, як “бязвінна асуджаныя”. Гэта калі чалавека асудзілі, а праз некаторы час прызналі, што асудзілі невінаватага. На думку Тамары Сідарэнкі, найперш такімі “бязвінна асуджанымі” трэба лічыць большасць асуджаных па адміністрацыйных артыкулах.

Сідарэнка: “Па адміністрацыйных справах, калі размова ідзе пра затрыманых падчас мірных акцый, такіх бязвінна асуджаных ― праз аднаго. Тут прысутнічае нейкая звязка суд-міліцыя. Бо відавочна, што сведкі-міліцыянеры хлусяць, але суд усё адно выносіць абвінаваўчы прысуд ― штраф ці суткі. Вось, дзе вялізная колькасць бязвінна асуджаных”.

Тым не менш, юрыст не выключае таго, што і асобныя фігуранты гучных крымінальных спраў апошніх гадоў праз некаторы час будуць прызнаныя “бязвінна асуджанымі”.

 

Цалкам размову з Тамарай Сідарэнка можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі